Панядзелак, 11 Лістапад 2024

На Дубровеншчыне праца над скаргамі жыхароў «плаўна перацякла» на наступны год

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Дубровенскім райвыканкаме правялі пасяджэнне, дзе аналізавалі вынікі так званых Дзён сельсаветаў. Гэта адмысловы від дзейнасці ўладаў, калі кіраўнікі прыязджаюць «у глыбінку» і выслухоўваюць скаргі насельніцтва. Такім чынам, маўляў, улады даведваюцца пра надзённыя праблемы, каб іх аператыўна вырашыць. Аднак высветлілася, што слова «аператыўна» тут не падыходзіць: у рэгіёнах няма ні сродкаў, ні магчымасцяў вырашыць праблемы, якія існуюць гадамі.

«За невялікі перыяд часу ўдалося вырашыць большасць агучаных вяскоўцамі праблем, а астатнія ўзяты на кантроль кіраўніцтвам сельвыканкама», - піша раённая газета «Дняпроўская праўда» пра вырашэнне праблемных пытанняў у Маласавінскім сельсавеце. Але не ўдакладняе, за які канкрэтна час было выканана 15 з запланаваных 22 пунктаў дзейнасці. Так, ліквідаваны перабоі з водазабеспячэннем у аграгарадку Баброва, але якасць вады – па-ранейшаму не лепшая, бо яшчэ толькі «вядуцца работы па ўстаноўцы крана для прамывання». Рамонт маста ў аграгарадку Баброва не зроблены, « інвентарызацыя водаразборных калонак, прамыванне і дэзінфекцыя вадаправода ў в.Негаціна» яшчэ толькі «вядуцца», будаўніцтва станцыі абезжалезвання нават не пачыналася. У в.Карабанавічы неабходна правесці поўную замену водаправоднай сеткі, але на баланс Аршаводаканала гэты ўчастак вадаправода так і не перададзены.

Са станоўчага: УП ЖКГ "Дуброўна-Камунальнік" пачысціла калодзеж у в.Гуракі, зменены расклад руху школьнага аўтобуса па просьбе жыхароў аграгарадку Расасна. А вось работы ў аграгарадку Ерамееўшчына па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля шматкватэрнага дома будуць праведзены толькі ў 2025 годзе, і рамонт будынка сельскага Дома культуры распачаты, але невядома калі скончыцца.

Старшыня Валяўкоўскага сельсавета Аляксандр Кузьмянкоў канстатаваў, што «Традыцыйна якасць вады, стан дарог і асартымент у крамах — галоўныя тэмы, якія хвалююць вяскоўцаў». І што «планамерна работа па ўсіх гэтых напрамках вядзецца». І калі з якасцю вады праблемы амаль што вырашаны, то з дарогамі – не . «Рамонту дарожнага пакрыцця патрабуюць практычна ўсе вуліцы сельсавета, частка аўтамабільных дарог мае патрэбу ў асфальтаванні», - піша «Дняпроўская праўда» па словах старшыні сельсавета. Паказальна, што роўна тое самае гаварылася на падобнай нарадзе ў Дубровенскім райвыканкаме і летась, толькі гучала ад ранейшага старшыні сельсавета...

Дарэчы, у мінулым годзе сцвярджалася, што «у сельскіх крамах прадуктаў хапае, а разнастайнасць некаторых відаў тавараў здзіўляе нават гараджан». Невядома, што здарылася, але сёлета «праблемнае пытанне з асартыментам тавараў у крамах райспажыўтаварыства пакуль не зрушваецца з месца. І, калі ў буйнейшых населеных пунктах яго дапамагаюць вырашыць прыватныя крамы, індывідуальныя прадпрымальнікі і аддзяленні паштовай сувязі, то маланаселеным вёскам застаецца надзея толькі аўтакраму райспажыўтаварыства, кіраўніцтва якога павінна нарэшце пачуць вяскоўцаў і зрабіць усё магчымае, каб неабходныя пакупкі жыхары вёсак маглі здзяйсняць, не выязджаючы спецыяльна для гэтага ў райцэнтр».

Пры ўсім гэтым старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў заявіў, што колькасць скаргаў жыхароў раёна змяншаецца. А «зніжэнне зваротаў грамадзян да мясцовай улады сведчыць аб тым, што кіраўнікі на месцах бачаць праблемы насельніцтва, робяць усё, што ў іх сілах, каб вырашаць пытанні жыццезабеспячэння аператыўна і якасна».

Марыя Пешкунова