Нядзеля, 12 Сакавік 2023

Каля 30 чалавек звольнілі з адной арганізацыі ў Глыбокім па палітычных матывах

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У пачатку сакавіка ў Глыбоцкім гарадскім доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю з дня ўтварэння Глыбоцкіх электрычных сетак. А ўжо праз некалькі дзён пасля гэтага ў арганізацыі пачаліся чысткі па палітычных матывах. Там былі звольненыя людзі не толькі за тое, што хадзілі на акцыі, але і за тое, што ставілі подпісы падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі не за Лукашэнку, за тое, што дапамагалі фінансава тым, каго ўлады незаконна штрафавалі, ды і ўвогуле за салідарнасць з іншымі беларусамі і нелаяльнасць да цяперашняй улады ў Беларусі.

І хоць раней, некалькі месяцаў таму, у кожную арганізацыю Глыбокага сілавікі перадалі спісы непажаданых, якія налічвалі дзясяткі чалавек у кожнай, кіраўнікі прадпрыемстваў не спяшаліся звальняць людзей, а часам нават за іх уступаліся. Тады былі звольненыя адзінкі. Але зараз паступіла такое ўказанне ў канторы і асабіста ідэолагам на прадпрыемствах, што калі не пачнуцца большыя звальненні, то іх саміх прыбяруць з працы.

На яшчэ адным вялікім глыбоцкім прадпрыемстве Малочна-кансервавым камбінаце масавых звальненняў няма. Але людзям, якія былі ў так званых спісах, па сканчэнні кантракта проста яго не працягваюць. То-бок звальненні атрымліваюцца паступовыя. Да таго ж пачало развівацца стукацтва, калі адны работнікі пачынаюць даносіць на іншых проста таму, што знаходзяцца ў дрэнных стасунках ці хочуць каго пасунуць па працы.

Вядома, што цяперашняя сістэма стварыла такія ўмовы, што зараз амаль усе клапоцяцца ў першую чаргу толькі пра сябе і пра свой сямейны дабрабыт, таму і пачаліся чысткі. Не шкадуюць нікога  - ні  жанчын, якія гадуюць адны дзяцей без мужа, ні шматдзетных бацькоў. Як кажуць глыбачане, калі ты дзе “засвяціўся”, то ты – першы кандыдат на звальненне. Ідэолагі ж сцвярджаюць: у гэтай сістэме ты працаваць ужо не можаш.

Людзі такія звальненні паміж сабой пачалі называць “чорны білет”, бо кажуць што пасля гэтага будзе вельмі складана кудысьці ўладкавацца ў Беларусі на добрую працу.

Звальняюць у Віцебскай вобласці так званых “нядобранадзейных людзей” і ламаюць іх лёсы ва ўсіх гарадах і мястэчках, але каб у такой вялікай колькасці, як у “Глыбоцкіх электрычных сетках”, пакуль гэта першы вядомы такі выпадак.

Інга Сташэўская