На аварыйным мосце ў Лёзненскім раёне зрабілі рамонт парэнчаў. І ўсё?
Пра тое, што парэнчы адрамантавалі 10 кастрычніка, віцебскаму гарадскому актывісту Дзмітрыю Карняенку паведамілі ў лісце з Лёзненскага райвыканкама. На думку спадара Карняенкі, рамонт парэнчаў – гэта ўжо вялікі плюс у дадзенай сітуацыі, бо яго мясцовыя жыхары дабіваліся каля паўгода. Але ёсць і дужа вялікі мінус: мост цераз рэчку Чэрніцу, які злучае вёскі Дабрамыслі і Перамонт, ужо тры гады як чакае капітальнага рамонту, і тэрміны яго дагэтуль не вызначаны.
Прэзідэнцкія выбары, вайна ва Ўкраіне і паводка ў Польшчы. «Полацкі веснік» надрукаваў няўцямную «агітку»
Раённая газета вырашыла прадэманстраваць чытачам сваю адданасць ідэалагічнаму курсу: распавесці пра тое, што навіны пра хуткія прэзідэнцкія выбары «наши граждане приняли с большим воодушевлением». І супроцьпаставіць беларускія «мир, стабильность и благополучие» падзеям у Польшчы, якая «больше месяца назад столкнулась с серьёзным природным бедствием».
Жыхар Ушачаў не ведае, што рабіць: побач адчынілася рытуальная зала, і ўся сям'я вымушана назіраць развітанне з нябожчыкамі
Ушачанін пісаў скаргі ў розныя інстанцыі, бо не згодны з тым, што падобныя ўстановы размяшчаюць у жылой зоне. Атрымаўшы адусюль адказы, што дакументы ў прадпрымальніка – арандатара памяшкання рытуальнай залы – у поўным парадку, тамтэйшы жыхар вырашыў змагацца з спакой уласнай сям'і самастойна. Незвычайным спосабам, але гэта, падобна, падзейнічала.
Чытачам «Весніка Глыбоччыны» паказалі дакументы пра бюджэт. Ясней не стала
У раённай газеце апублікавалі дакумент пад назвай «Решение Глубокского районного исполнительного комитета «об изменении решения глубокского районного исполнительного комитета от 9 марта 2021 г. №201». Паводле юрыста, гэтае рашэнне інфармуе грамадзян толькі пра замацаванне за канкрэтным адміністратарам крыніцы даходаў раённага бюджэту, і хто з'яўляецца гэтымі адміністратарамі, да прыкладу, «група бухгалтарскай справаздачы і справаздачнасці райвыканкама»; «Аддзел архітэктуры і будаўніцтва»; «Аддзел землеўпарадкавання» і г.д. Разумення бюджэтнай палітыкі простаму чытачу гэта не дадае.
Суды «за распаўсюд экстрэмізму ў інтэрнэце» працягваюцца: цягам мінулага тыдня іх было мінімум 15
Суды паводле ч.2 арт.19.11 КаАП працягваюцца, і іх колькасць не змяншаецца. Паводле адкрытых крыніц інфармацыі, на мінулым тыдні яны адбыліся ў Чашніках, Оршы, Віцебску, Мёрах, Браславе. «Працоўны рэкорд» ўстанавіла суддзя віцебскага суда Чыгуначнага раёна Алена Цыганкова: за адзін дзень яна правяла 5 судовых працэсаў.
Віцебскае аддзяленне партыі «Белая Русь» арганізавала курсы падвышэння кваліфікацыі для праўладных партыйцаў
Праект пад назвай «Партийная школа» цяпер дзейнічае ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Яго прымеркавалі да будучых прэзідэнцкіх выбараў. «У гэтых умовах мы вырашылі сабраць актывістаў грамадскіх аб'яднанняў, партый, каб пагаварыць аб тым, якім чынам і ў якой форме выстойваць палітычную сістэму Рэспублікі Беларусь, акрэсліць ролю і месца структур грамадзянскай супольнасці»,-- заявіў першы спікер партыйных курсаў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, сябра Вышэйшай палітрады партыі «Белая Русь», кіраўнік абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Дзмітрый Дзямідаў.
Цяпер і ў Шаркаўшчыне падхапілі ініцыятыву прыцягваць былых зняволеных да дабраахвотна-прымусовай працы "на карысць горада"
Супрацоўнікі Шаркоўшчынскага РАУС пахваліліся "новай практыкай выхаваўчай працы з асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Людзям, што маюць судзімасць, але не маюць працы, яны прапанавалі ўзяць удзел у "дабраахвотнай дабрачыннай акцыі" - заняцца прыборкай у райцэнтры.
25 кастрычніка за «распаўсюд экстрэмізму» на Віцебшчыне судзілі 8 чалавек
Працэсы адбыліся ў судах Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў, а таксама ў аршанскім судзе. Усе васьмёра абвінавачаных за «экстрэмісцкія» спасылкі і рэпосты ў інтэрнэце – мужчыны, палова з іх – людзі сталага ўзросту. «Працоўны рэкорд» 25 кастрычніка ўстанавіла суддзя Алена Цыганкова: яна правяла 5 судовых працэсаў, разбіраючы справы, распачатыя паводле ч.2 арт.19.11 КаАП.
Наваполацкага актывіста Андрэя Зуева, асуджанага ў парадку спецвытворчасці, унеслі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС
Андрэй Зуеў быў асуджаны да 7 з паловай гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і да штрафа памерам 8 000 рублёў. Таксама віцебскі абласны суд пастанавіў, што актывіст павінны сплаціць 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянту Сяргею Салаўю. У «экстрэмісцкім спісе» указана, што Зуеў ужо адбывае пакаранне, хаця насамрэч ён волі – у вымушанай эміграцыі.
Віцебскае прадстаўніцтва Беларускага Фонду міра падпісала дамову са смаленскімі прадстаўнікамі Расійскага Фонду міра
Супольныя праекты, мерапрыемствы ў рамках дамовы будуць накіраваны на аб'яднанне беларусаў і расіян, бо ў нас агульныя культура, традыцыі духоўнасці і імкненне да адзінства. Гэта стане новым вітком у развіцці і ўмацаванні сувязей Саюзнай дзяржавы, - адзначыла старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава. Але захаванне беларускай нацыянальнай самабытнасці дамова не прадугледжвае. Наадварот: яна скіравана на тое, каб беларусы адчувалі сябе часткай агульнага «рускага міра». Да таго ж і сам выраз "міратворчая дзейнасць" гучыць сумнеўна падчас ажыццяўлення расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, якую падтрымлівае Беларусь, лічыць юрыст.