«Вечером привозят и заносят гробы, а утром вывозят. И вечером, и днем плачущие люди. Ребенок десятилетний все это видит», - распавёў у ТікТок жыхар Ушачаў. Ен кажа, што цяпер ягоны дзесяцігадовы сын баіцца спаць адзін – засынае толькі з бацькамі. І мала таго, што не спраўдзілася мара пра ўласны дом у ціхім месцы, дык і прыватнае жыццё цэлай сям'і стварае пэўны дыскамфорт для тых, хто прыходзіць на траурную цырымонію развітання з памерлым: «З лазні выходзіш у адных майтках, а тут такое... Да мяне сястра прыязжае з пляменнікамі, дзеці скачуць на батуце, смяюцца, а побач – пахаванне».
Мужчына разумее, што рытуальная зала – аб'ект патрэбны. Але не згодны з тым, што яе адчынілі ў прыватным сектары. Паколькі скргі ў афіцыйныя інстанцыі нічога не далі, ен абраў уласны спосаб змагання з нязручным суседствам. Маўляў, раз уладальнік спецаб'екта стварыў нязручнасці яму, то адказ будзе такі самы: гаспадар абвясціў, што ў яго на падворку будзе граць музыка. Пры гэтым ушачанін папрасіў прабачэння ва ўсіх удзельнікаў развітальных мерапрыемстваў, і нават паабяцаў паставіць свечкі за супакой душы кожнага нябожчыка. Маўляў, іншага спосабу змагацца за маральны стан чальцоў сваёй сям'і ў яго не застаецца...
На мужчыну з крытыкай тут жа абрынулася абласная газета «Витебские вести». Аўтара роліка ў ТікТок абвінавацілі ў тым, што ен ловіць «хайп на трауре». І прыгразілі адказнасцю «за хуліганскія дзеянні», хаця на ўласным падворку гаспадар можа ўключаць музыку колькі заўгодна, калі гэта адбываецца ў дзённы час. Таксама, паводле газеты, рытуальная зала знаходзіцца не ў жылой, а ў былой прамысловай зоне. І ўвогуле – непадалёк месцяцца могілкі, каля якіх людзі жывуць дзесяцігоддзямі, і прэтэнзій не выказваюць...
Розніца хіба ў тым, што ўшачанін спачатку набыў сабе жытло, а ўжо потым паблізу, вокны ў вокны, з'явілася рытуальная зала. І толькі напрыканцы артыкула, пасля асуджэння чалавека, які спрабуе адстойваць правы сваёй сям'і, згадваецца суцяшальны факт. Найверагодней, звароты і бескампрамісная пазіцыя гаспадара прыватнай уласнасці ўсё-ткі падзейнічалі: прадпрымальнік, які арэндаваў памяшканне пад рытуальную залу, збіраецца паставіць плот - «это будет способствовать ограничению обзора с улицы и участка», дзе жыве сям'я аўтара роліка ў ТікТок.
Надзея Логінава