Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі па Віцебскай вобласці
Ігара Брыло асудзілі па знакамітай “малочнай справе”, якая пачалася ў лістападзе 2023 года. Суд пачаўся толькі ў верасні 2025‑га і скончыўся тры месяцы таму. Як стала вядома «Нашай Ніве», Ігар Брыло атрымаў 12 гадоў пазбаўлення волі — столькі і прасіў пракурор. Але мала хто з топ-чыноўнікаў цалкам дасіджвае свой тэрмін. У лукашэнкаўскай сістэме распаўсюджана практыка вызваляць іх датэрмінова і адпраўляць кіраваць гаспадаркамі.
Выйшаў зборнік турэмных эсэ экс-палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча, напісаных у глыбоцкай калоніі
Кніга пад назвай «І гэта ўсё ў табе» выдана ў выдавецтве “Камунікат” у Беластоку. Над тэкстамі палітык працаваў пераважна ў 2023 годзе ў ШІЗА, пасля выхаду з ізалятара ён запісаў іх. Але перад вызваленнем рукапісы адабралі. Мікалай Статкевіч аднавіў іх па памяці. Гэта разважанні пра тое, «як людзі робяць маральны выбар у складаных сітуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі?” – так напісаў аўтар пра сваю кнігу ва ўласным Тэлеграм-канале.