58-гадовага інжынера судзяць за каментар у групе «Таракан вусаты». Пракурор просіць 3 гады «хіміі»
Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 15 чэрвеня за адзін дзень разабраў справу 58-гадовага віцябляніна Васіля Глушакова, якога абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК) – двух міліцыянтаў Дубровенскага РАУС. Абвінавачаны прызнаў віну і адмовіўся ад адваката. Пракурор просіць пакараць мужчыну трыма гадамі абмежавання волі. Прысуд агучаць 16 чэрвеня.
Палітвязень Дзмітрый Кулакоў праглынуў лыжку на знак пратэсту
Палітвязень з Шуміліна Дзмітрый Кулакоў, які адбывае пакаранне на «хіміі» ў Шклове, 12 чэрвеня праглынуў кавалак металічнай лыжкі. Ён зрабіў гэта на знак пратэсту, бо яго не пусцілі на спатканне з жонкай. На наступны дзень Дзмітрыя выпісалі з лякарні, а ўжо ў панядзелак 14 чэрвеня змясцілі ў штрафны ізалятар. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Юлія Кулакова.
Судаводства па скарзе «лясных фей» спынілі. «Гэта абмежаванне доступу да правасуддзя» – праваабаронца
14 чэрвеня судовая калегія ў грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду разгледзела скаргу шасці віцяблянак на дзеянні намесніка начальніка Першамайскага РАУС Івана Доўгага. Жанчыны былі затрыманыя 13 студзеня за «пікет у лесе» і беспадстаўна кінутыя ў ізалятар. Судаводства па скарзе «лясных фей» (так іх пачалі называць у інтэрнэце) спыненае: калегія пастанавіла, што справа не падлягае разгляду ў грамадзянскім судзе.