«Усё адбылося ў мінулую суботу. Я прыехала на спатканне, а яго не выпусцілі, хоць абяцалі. І Дзіма на знак пратэсту адламаў кавалак лыжкі і праглынуў, а потым паведаміў пра гэта начальству. Выклікалі хуткую, я таксама паехала ў лякарню, але мяне ў палату не пусцілі. У нядзелю яго раптам выпісалі, хоць звычайна ў нас нікога ў нядзелю не выпісваюць. Дзіма пазваніў і сказаў, што «лыжка выйшла», – расказала Юлія Кулакова.
Па словах жанчыны, адразу пасля выпіскі да Дзмітрыя прыехаў аператыўнік і забраў яе мужа.
«У панядзелак Дзіма пазваніў і сказаў, што ягоны ўчынак палічылі парушэннем. І за гэта яго пасадзілі ў штрафны ізалятар. Перад гэтым паведаміў, што, хутчэй за ўсё, дадуць па максімуму – 10 сутак», – падзялілася жонка палітвязня.
Яна паведаміла, што ў Дзмітрыя гэта першае парушэнне за паўгода, якія ён правёў на шклоўскай «хіміі». Працуе зараз на камбікормавым заводзе, раней працаваў на пілараме.
У снежні 2020 году шумілінцу Дзмітрыю Кулакову прысудзілі тры з паловай гады абмежавання волі («хіміі») за пагрозы і абразу маёра міліцыі (арт. 364 і 369 КК).
Янка Прас