Станіслаў Паўлінковіч пасля выхада на волю. Фота mspring.online. У чацвер 21 траўня магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча, які адбываў 15-суткавы арышт,  таемна вывезлі з ізалятара ў суд Ленінскага раёна, дзе суддзя Ратнікава прысудзіла яго да 15 сутак арышту за непадпарадкаванне работнікам міліцыі і да 1000 рублёў штрафу за абразу міліцыянта. Пра гэта паведамляе сайт пра правы чалавека ў Магілёве mspring.online.

Юрый Уласаў. Фота "Гомельскай Вясны" Асуджаны на 15 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім у Гомелі Юрый Уласаў мусіў выйсці 22 траўня ў 18.35 з гомельскага ІЧУ, але, са словаў яго жонкі Юліі, якой патэлефанавалі супрацоўнікі ІЧУ, ён будзе адбываць яшчэ 15 сутак за ўдзел у іншым несанкцыянаваных масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП РБ). Такое рашэнне вынес суд Цэнтральнага раёну Гомля.

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з Баранавічаў Аляксандр Вайцешык так і не змог убачыць працэс фармавання Баранавіцкай раённай выбарчай камісіі – ні на анлайн-трансляцыі, ні на відэа пасля фармавання. У сувязі з гэтым ён звярнуўся са скаргай у Цэнтрвыбаркам.

Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя Выбаршчыкі, якія вылучылі ў склад Бярозаўскай выбарчай раённай камісіі сябру Партыі БНФ, назіральніцу за выбарамі з вялікім стажам Тамару Шчапёткіну, звярнуліся ў суд Бярозаўскага раёна са скаргай на неўключэнне яе ў склад камісіі.

Гарадзенскія праваабаронцы, назіральнікі і журналіст кампаніі “Праваабароцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская і Уладзімір Хільмановіч даслалі чарговы ліст у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. У лісце, у прыватнасці, указваецца, што, аналізуючы склады камісій па Гарадзеншчыне, праваабаронцамі было заўважана, што ў камісіі акрамя іншых увайшлі таксама і работнікі медыцынскіх установаў. Заканадаўства гэтага не забараняе, але гэта выглядае дзіўна ў той эпідэміялагічнай сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца краіна.

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў найбуйнейшых раёнах усходне-палескага рэгіёна прааналізавалі склад сфармаваных на сумесных паседжаннях прэзідыўмаў райсаветаў і райвыканкамаў раённых камісіяў па выбарах прэзідэнта. Асаблівасцю сёлетніх паседжанняў стала тое, што на іх не было ні назіральнікаў, ні прадстаўнікоў зацікаўленых структураў. У сувязі з пандэміяй каранавірусу, паводле пастановы ЦВК, паседжанні трансляваліся ў інтэрнэце.

Станіслаў Косцеў і Ілля Косцеў Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах 22 траўня разглядае апеляцыйную скаргу жыхароў Чэрыкава братоў Станіслава і Іллі Косцевых. Пачатак судовага паседжання прызначаны на 9-30. Суд можа пакінуць прысуд без зменаў і тады юнакоў чакае растрэл.

Затрыманні ў Гомелі 7 траўня. Фота "Радыё Свабода" Па дадзеных Праваабарончага цэнтру “Вясна” на 22 траўня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня зафіксавана каля 150 выпадкаў адвольных затрыманняў па палітычных матывах. Пад пераслед трапілі людзі, якія прыходзілі на сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у розных гарадах краіны, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера, “кармілі галубоў” на плошчах сваіх гарадоў ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту. Пад пераслед трапілі таксама праваабаронцы і журналісты, якія назіралі ці асвятлялі акцыі.

Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" вядомыя ўжо некалькі выпадкаў, калі кіраўнікі дзяржустаноў прасілі сваіх падначаленых прынесці пашпарты, каб паставіць подпісы за асобу, якая вылучаецца кандыдатам. Як адзначаюць праваабаронцы, у Беларусі выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, калі на дзяржпрадпрыемствах і ў навучальных установах прымушаюць падпісвацца за пэўных кандыдатаў або асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі, з'яўляецца адной з самых вялікіх праблем пры зборы подпісаў. Ці законна гэта і што рабіць у падобнай сітуацыі, распавёў юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка. "Сітуацыя, калі супрацоўнікаў дзяржаўных арганізацый прымушаюць да ўдзелу ў зборы подпісаў, як з дапамогай збору подпісаў, калі яны не з'яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп, так і калі іх прымушаюць ставіць свой подпіс у падтрымку асобы, якая вылучаецца ў кандыдаты, пад пагрозай якіх-небудзь санкцый, з'яўляецца недапушчальным. Пры гэтым яна выкарыстоўваецца ўладамі з адной выбарчай кампаніі да наступнай. Практыка паказвае, што Цэнтральная камісія такія скаргі пакідае без увагі, эфектыўныя сродкі прававой абароны ад такіх парушэнняў адсутнічаюць", — распавядае юрыст.

Аляксей Прохараў на судзе. Фота: "Віцебская Вясна" Віцебскага актывіста Аляксея Прохарава запрасілі ў аддзел аховы правапарадку Чыгуначнага раёну Віцебску для дачы тлумачэнняў пра ягоны ўдзел у "кармленні галубоў" 3 траўня. Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", з міліцыі яго не выпусцілі – затрымалі і адразу адвезлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Актывіст паспеў паведаміць праваабаронцу, што суд над ім адбудзецца ў панядзелак.