У полацкага прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Генадзя Бердзянёва міліцыя забрала пляншэт для праверкі прыкмет крымінальнага злачынства. Бердзянёва абвінаваціў іншы прадпрымальнік у публічнай абразе прэзыдэнта ў сацыяльнай сетцы «Аднакласьнікі». 4 траўня заканчваецца тэрмін праверкі міліцыяй наяўнасьці складу злачынства ў дзеяньнях Генадзя.

Інфармацыйная праца Свабоднага прафсаюзу беларускага «дэстабілізуе працоўныя адносіны» на заводзе ААТ «Полацак-Шкловалакно». З такой скаргай адміністрацыя прадпрыемства зьвярнулася да міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь 4 красавіка на асабістым прыёме міністра ў Полацку.

Жыхарка Воршы Юлія Малышава вырашыла дапамагчы бяздомным жывёлам, якіх утрымліваюць у мясцовым пункце адлову. Аднак суд вырашыў, што ініцыятыва каральная. Спачатку на дзяўчыну выклікалі міліцыю, потым яе забралі ў пастарунак, а на наступны дзень аштрафавалі больш чым на 200 даляраў.

12 красавіка ў Віцебскім абласным судзе журналістка тэлеканалу Белсат Кацярына Бахвалава і карэспандэнтка Радыё Свабода Галіна Абакунчык спрабавалі абскардзіць рашэньні судзьдзяў суду Аршанскага раёну і гораду Воршы ад 13 сакавіка гэтага году. Прадстаўніцы прэсы былі затрыманыя напярэдадні і аштрафаваныя за асьвятленьне мітынгу і шэсьця недармаедаў у Воршы.

Трэнінг для журналістаў рэгіёну па стварэньні звычайным смартфонам навінавага відэасюжэту прайшоў 3 і 4 сакавіка ў Полацку. Правёў трэнінг дасьведчаны відэаапэратар тэлеканалу «Белсат», фатограф, кіраўнік Барысаўскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Зянкоў. У навучаньні ўзялі ўдзел журналісты зь Віцебску, Глыбокага і Полацку.