Паводле словаў Зьмітра, 15 верасьня яны паехалі праз урочышча Барок, дзе быў разьмешчаны адзін з галоўных блёк-пастоў, перад самым уездам у горад. Мяшкі зь пяском, грыбок, палатка, вайскоўцы і міліцыянты ў касках з аўтаматамі.
Журналісты спыніліся там і, паказваючы дакумэнты, спрабавалі наладзіць размову зь міліцыянтамі, якія стаялі на пасту. Ім адказалі, што ніхто нічога казаць ня будзе, бо ідуць вучэньні, усё засакрэчана. А таксама папярэдзілі, што здымаць нельга, бо ў іх няма на гэта акрэдытацыі Міністэрства абароны.
Калі журналісты спрабавалі яшчэ штосьці запытацца, міліцыянты ім карэктна прапанавалі ехаць далей або вяртацца назад.
І тут з палаткі выйшаў вайсковец у званьні сяржанта. Паводле словаў Зьмітра, ён чымсьці нагадаў яму прараба на будоўлі, ці вясковага брыгадзіра. «Шчокі як іржышча, твар колеру зямлі. Але выгляд, як у генэрала», – кажа Зьміцер.
І адразу сяржант пачаў размову, відаць, з асноўных словаў свайго лексыкону: «Уё... адсюль, бо зараз як стрэльну!»
Журналісты паспрабавалі яму штосьці пра правы і закон распавесьці, але ў адказ вайсковец пачаў яшчэ больш лаяцца і трэсьці перад імі зброяй. Падалося, што ён даўна не трымаў у рукох аўтамат, і цяпер зь вялікім задавальненьнем пры дапамозе яго паказвае сваю перавагу перад бяззбройнымі людзьмі.
Як кажа Лупач, у той час у галандзкага журналіста Тома вочы сталі круглыя, было бачна, што ён хоць і разумее па-расейску, але такіх словаў, відаць, ня чуў. «Гэта сакрэтная мова нашага войска, – сказаў Зьміцер. – Такі заб’е і прозьвішча не запытае».
Журналісты ўсё ж вырашылі ехаць наперад, у горад. Міліцыянты абшукалі машыну, а вайсковец падняў шлягбаўм – палку з прывязанай шасьцярнёй. Па прыезьдзе ў горад журналісты спрабавалі яшчэ паразмаўляць з вайскоўцамі ці міліцыянтамі, якія былі задзейнічаныя ў вучэньнях, але ўсё аказалася марным: больш ніякай інфармацыі яны не атрымалі.
А ў той час некаторыя інтэрнэт-рэсурсы пісалі, што ў Глыбокім няма абмежаваньняў на свабоду перамяшчэньня і ўсе мясцовыя жыхары задаволеныя вучэньнямі...