Недакладнасьці і нестыкоўкі ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні судзьдзю Тарасевіча не зьбянтэжылі. Ён усё адно прызнаў журналіста вінаватым і прысудзіў штраф у памеры 30 базавых велічыняў.
Адміністрацыйную справу супраць Зьмітра Лупача распачаў 6 верасьня старшы інспэктар Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Журналісту інкрымінавалі парушэньне артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за відэасюжэт “Захад-2017” на тэлеканале “Белсат”. Правапарушэньне з боку журналіста Цырбан заўважыў, праводзячы маніторынг інтэрнэту.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, дзеяньні судзьдзяў як Глыбоцкага райсуду, так і Віцебскага абласнога ён лічыць анахранізмам:
— Прыцягненьне да адміністрацыйнай адказанасьці за распаўсюд інфармацыі — гэта рэальны анахранізм. Я зьдзіўляюся, чаму судзьдзі не разумеюць артыкулу, паводле якога Зьмітра Лупача прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб СМІ. Дык вось, калі адкрыць Закон аб СМІ, то артыкул 3 закону кажа пра тое, што ён распаўсюджваецца на юрыдычных асобаў.
Зьміцер Лупач — фізычная асоба. І як тады можна прыцягнуць да адказнасьці фізычную асобу, калі адказнасьць распаўсюджваецца толькі на юрыдычных асобаў, — для мяне не зразумела. Чаму гэта зразумела для судзьдзяў, і чым судзьдзі і першай, і другой інстанцыяў кіраваліся — мне цікава.
Зьміцер Лупач з рашэньнем суда ня згодны і лічыць яго незаконным. Журналіст намераны абскарджваць яго ў вышэйшай інстанцыі:
— Я фізычна не магу разьмяшчаць аніякай інфармацыі на сайце “Белсат”. А згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, кожны грамадзянін мае права зьбіраць інфармацыю і свабодна яе распаўсюджваць.
Пакуль незалежны журналіст судзіцца за справядлівасьць, на яго заведзеная яшчэ адна адміністрацыйная справа за сюжэт пра далучэньне Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату да камбікормавага заводу. Справу зноў ініцыявалі глыбоцкія міліцыянты, у прыватнасьці старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц. У хуткім часе новую справу Лупача павінны перадаць у суд Глыбоцкага раёну.
Сёлета гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста-фрылянсэра Зьмітра Лупача за супрацу зь незалежным тэлеканалам “Белсат”.