Пятніца, 11 Жнівень 2017

Чым віцябчук Сяргей Сясіцкі «пакрыўдзіў» сайт Палітрынг і мясцовы «русский мир»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Сясіцкі Сяргей Сясіцкі

Спадара Сясіцкага абвінавацілі ў закліках да «бесчалавечнага зьнішчэньня» прыхільнікаў «русского мира». Пра гэта ён абсалютна выпадкова даведаўся з публікацыі на сайце «Палітрынг» пад назовам «СК Расеі «заняўся» актывістам зь Віцебску, які заклікаў спаліць «рашысцкую чуму».

«Віцебская вясна» пацікавілася ў спадара Сясіцкага, з чаго пачалася гісторыя са зваротам у расейскі Сьледчы камітэт, і якіх ён чакае наступстваў.

Сяргей, ці ведаеце Вы, хто такі Сяргей Іваноў, які падпісаў заяву? І чым менавіта, на Вашу думку, ён пакрыўджаны?

 – Я лічу, што «сяргей іваноў» – гэта фэйк, што такой асобы ў рэальнасьці няма. А  насамрэч на сайт Сьледчага камітэту РФ напісала рэдакцыя сайту «Палітрынг».

У артыкуле пра заяву ў расейскі СК разьмешчаны стандартны адказ на электронныя звароты грамадзян, які рассылаецца аўтаматычна. І дасланы ён на электронную адрэсу «Палітрынгу». Яе нават не прыбралі, перш чым выставіць дакумэнт у інтэрнэт.

– Чым жа можна патлумачыць такую пільную ўвагу да Вашай асобы з боку рэдакцыі сайту?

– Я часта камэнтую антыбеларускія артыкулы, што зьяўляюцца на гэтым сайце, і гэта не падабаецца рэдактарам. Таму ўсю гэтую валтузьню са зваротамі ў Сьледчы камітэт я ўважаю за банальную спробу мяне прыстрашыць. Але камэнтар, які падаўся «пагрозьлівым» уяўнаму «сяргею іванову», да «Палітрынгу» ня меў ніякага дачыненьня. Гэта быў допіс ў фэйсбуку на старонцы Эдуарда Пальчыса, дзе я камэнтаваў артыкул «Як Крэмль за грошы стварае 5-ую калёну ў Беларусі: журналісты, палітыкі, актывісты». У артыкуле, дарэчы, быў згаданы і сайт «Палітрынг». Імаверна, гэта і «зачапіла» маіх апанэнтаў.

– Вы насамрэч пагражалі каму-небудзь «бесчалавечным зьнішчэньнем»?

– Абсалютна нічога падобнага! Камэнтар ня меў канкрэтнага адрасата. Хаця, паўтаруся, рэдакцыйная палітыка «Палітрынгу» зьяўляецца правакацыйнай, і на сайце, хаця б і ў дыскусійным парадку, зьмяшчаюцца публікацыі, якія абражаюць гонар і годнасьць беларускай нацыі. Да прыкладу, артыкулы віцебскай аўтаркі Эльвіры Мірсалімавай – «Белорусские „вышимайщики“: от оберега до маразма», «О Беларуси и Белоруссии, или Национализм для школьников и блондинок», «Гомосексуалисты как лакмусовая бумажка для псевдопатриотов» і гэтак далей.

– Пасьля таго, як восеньню 2016 году жыхары Віцебску паўсталі супраць вырубкі парку дзеля будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабору, спадарыня Мірсалімава напісала артыкул «Неприкрытая борьба с православием по-витебски». Дзе заявіла, што супраць вырубкі парку пратэстуе выключна «апазыцыя», «прыхільнікі беларускай мовы» і «нацыяналісты ціпа «Белы легіён». Гэта выклікала абурэньне ў шараговых віцебчукоў. А што абурае вас у гэткага кшталту артыкулах: адкрытая хлусьня, падмена паняткаў, падтасоўка фактаў або нешта іншае?

– Пару тыдняў таму я напісаў нэгатыўны камэнтар да артыкулу Эльвіры Мірсалімавай «Почему некторых так корёжит от упоминания Сталина», дзе аўтарка спрабавала апраўдаць палітыку сталінізму. Я мяркую, гэта – здрада памяці продкаў, расстраляных у Курапатах, дый па ўсёй Беларусі. А можа, нават спроба ўвесьці ў галовы людзям думку пра тое, што расправа з уяўным ворагам – справа цалкам дапушчальная. Я прапанаваў спадарыні Мірсалімавай уявіць на месцы бязьвінна расстраляных сябе або сваю сям’ю… Скончылася гэта вельмі непрыгожа: мне пачалі пагражаць фізычнай расправай за тое, што я нібыта абразіў блогерку. У прыватнай перапісцы «УКантакце» я атрымаў папярэджаньне, што ёсьць людзі, якія хочуць са мной «сур'ёзна паразмаўляць» за публічную крытыку.

– Вы не заўважалі прыкметаў таго, што пагрозы могуць ажыцьцявіцца?

-Не. Ды я асабліва й не баюся. Пакуль «карныя захады» палягаюць выключна ў віртуальнай плашчыні. Прыкладам, мяне «забанілі» на «Палітрынгу». Як патлумачыла тая самая спадарыня Мірсалімава, гэта зроблена, каб я «не распалохаў адэкватных чытачоў». Пэўна, зь яе пункту погляду неадэкватнымі ёсьць тыя, хто ня лічыць расейцаў і беларусаў «адзіным этнасам» з «агульнай культурай» і «адзінай верай». Я так не лічу. І я ня згодны з пазыцыяй Дзьмітрыя Рубаніка, мужа спадарыні Мірсалімавай, які цьвердзіць, што пашырэньне сфэры ўжытку беларускай мовы ўціскае правы расейскай.

– Дык мо ёсьць сэнс зьвярнуцца ў адпаведныя органы са скаргамі на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці на сайце «Палітрынг»? Або ў публікацыях асобных блогераў-журналістаў?

– Мне гэта падаецца немэтазгодным. Па-першае, дабіцца пакараньня вінаватых наўрад ці атрымаецца. Па-другое, на «Палітрынгу» распачнецца залішняя мітусьня, і розгалас сытуацыі толькі пашырыць аўдыторыю чытачоў прарасейскіх артыкулаў. Бо пачытаюць нават тыя, хто не падзяляе прарасейскую імпэрскую пазыцыю шэрагу аўтараў. А навошта падвышаць колькасьць праглядаў такому сайту, як «Палітрынг»?

– Пасьля заявы, накіраванай праз сайт Сьледчага камітэту РФ, да Вас не зьвярталіся следчыя? Ці была хаця б нейкая рэакцыя?

– Не (сьмяецца), мной так ніхто і не «заняўся», як пагражалі «палітрынгаўцы». Думаю, і не зоймецца. Я нават не спрабую ўявіць, у чым мяне мог зьвінаваціць «сяргей іваноў» у заяве на сайт расейскага СК. Ні крымінальнага, ні адміністрацыйнага заканадаўства РФ я не парушаў. Зрэшты, і беларускага таксама. Я ўсяго толькі выказаў уласнае меркаваньне, не імкнучыся абразіць кагосьці пэрсанальна. А на гэта я маю права.

ДАВЕДКА:

Сайт https://politring.com/ прэзэнтуе сябе як «дискуссионную площадку, целью которой является налаживание диалога между различными политическими, общественными, социальными группами Республики Беларусь». «Мы не приемлем экстремизма, радикализма, нарушения законов нашего государства», – гаворыцца ў разьдзеле «Пра сайт» Палітрынгу.

Эльвіра Мірсалімава, аўтарка згаданага вышэй рэсурсу, называе сябе рэгіянальным каардынатарам руху «Гражданское согласие», створанага ў траўні 2017 году. Апроч іншага, рух вядомы тым, што ягоныя актывісты ладзяць у розных гарадох Беларусі «круглыя сталы», спрабуючы імітаваць гатоўнасьць да згоды паміж прадстаўнікамі апазыцыі і ўладаў.

Генрых Сухадольскі