Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Уладзімер Царыкаў палічыў, што актывіст «Народнай Грамады» Аляксандар Якушкоў браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 31 траўня і прысудзіў яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле часткі 3-й артыкулу 23.34 КаАП. Суд адбыўся ў анлайн-рэжыме 9 чэрвеня.

Віцебкую блогерку Алену Янушкоўскую, якую затрымалі 5 чэрвеня і да суду зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, прызналі сёньня вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, які, паводле міліцыі, адбыўся ў Віцебску 31 траўня. Суд Віцебскага раёну аштрафаваў жанчыну на 40 базавых велічынь. Яшчэ двух актывістаў – Алега Паўлава і Аляксандра Мацеюка прысудзілі адпаведна да 5 і 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Сябра ініцыятыўнай групы Артур Сінега і валянтэр Андрэй Зуеў былі затрыманыя ў Наваполацку 3 чэрвеня. Суткі да суду яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Сёньня суд гораду Наваполацку прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў 15 суткамі арышту. Але выкананьне прысуду адклалі на будучыню – актывісты выйшлі на волю…

Толькі зараз стала вядома, што пад рэпрэсіі дзяржавы, накіраваныя супраць прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, трапіла яшчэ адна віцяблянка – кіроўца таксі Аксана Міхасёнак. 18 траўня суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні – «кармленьні галубоў», і пакараў адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

У Наваполацкім судзе 1 чэрвеня разьбіралі шэсьць адміністрацыйных справаў, пачатых супраць чатырох чалавек. Усе яны – удзельнікі сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які рабіў стрым з Наваполацку 29-га красавіка. Двое зь іх яшчэ й «кармілі галубоў» 3-га траўня – прыйшлі на цэнтральную плошчу горада, каб прагуляцца і паразмаўляць пра надзённае са сваімі знаёмымі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.