У Віцебску 1 чэрвеня адбыліся суды над чатырма прыхільнікамі блогера Ціханоўскага, затрыманымі напярэдадні. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні з выкарыстаньнем плякату «Свабоду Ціханоўскаму!» і выявы перакрэсьленага таракана. Актывістаў затрымалі зранку 31 траўня – перад пачаткам масавага пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.

У Віцебску працягваюцца суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага. 29 траўня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў на 30 базавых велічынь адміністратарку Тэлеграм-каналу «Краіна для жыцьця» Юлію Барсукову ўсяго за адно паведамленьне ў чаце. Актывіст Аляксандар Ільінец быў пакараны штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у сустрэчы зь Ціханоўскім 30 красавіка.

Віцябляніна Аляксея Саламаненку затрымалі 26 траўня на працы і пасьля складаньня пратаколу адразу зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён правёў суткі да суду. У сераду 27 траўня ягоную справу разглядаў суд Першамайскага раёну Віцебску. Прысуд аказаўся мякчэйшы, чым чакалі: 25 базавых велічынь – за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебска да 10 сутак арышту асуджаны актывіст Аляксей Прохараў. Працэс адбываўся праз Skype, бо з 22-га траўня віцяблянін знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), паведамляе Беларускае Радыё Рацыя. Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.

25 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску судзьдзя Юры Урбан разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да віцяблянкі Дар'і Юрчанка. Дзяўчыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 25 базавых велічыняў.