Суд пачаўся 19 кастрычніка, але па хадайніцтве Волкавай і Кулакова быў перанесены. Абвінавачаныя ў адміністрацыйным правапарушэнні запатрабавалі, каб у суд паступілі матэрыялы з відэарэгістратараў супрацоўнікаў ДАІ і іх службовага аўтамабіля. 23 кастрычніка прагледзець усе файлы не атрымалася, суд перанеслі на 26 кастрычніка.
Паводле пратаколу, 26 верасня ў прамежак часу з 2 да 4 гадзін ночы Андрэй Кулакоў і Марыя Волкава пры дапамозе балончыкаў нанеслі надпісы і сімволіку на сцены кавярні «Сава» і шынамантажу ў вёсцы Лучынаўка Віцебскага раёну. Сваімі дзеяннямі яны нібыта парушылі заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, узялі ўдзел у пікетаванні. Інтарэсы віцяблян на судзе бараніла адвакатка.
Вінаватымі сябе Волкава і Кулакоў не прызналі. Як патлумачыла Марыя, у Лучынаўцы яна знаходзілася з трох гадзін і аж да затрымання. Пасля працы, якая скончылася а першай гадзіне, разам з Кулаковым прыехала ў Лучынаўку на таксі. Яны сябруюць з уладальнікам кавярні Яўгенам Кавалеўскім і прыехалі, каб дапамагчы падрыхтавацца да прыёму гасцей, якіх чакалі на суботні адпачынак.
Праз пэўны час усе выйшлі з кафэ, бо Марыі спатрэбіліся яе рэчы, якія знаходзіліся ў машыне Кавалеўскага.
Са словаў Волкавай, Кавалеўскі, якому даішнікі а 2-й гадзіне паказалі на сцяне шынамантажа малюнкі (сэрца, кулак, знак перамогі, мужчына са сцягам), прапанаваў паглядзець насценны жывапіс і маладым людзям. Нечакана пад’ехала машына, з яе выбеглі двое невядомых і кінуліся да іх. Волкава перапалохалася і пабегла. Тое, што гэта супрацоўнікі ДАІ, яна даведалася толькі пасля затрымання.
У сваім тлумачэнні Кулакоў дадаў, што за гадзіну да іх прыезду да Кавалеўскага зайшлі супрацоўнікі ДАІ і паведамілі, што невядомыя нанеслі на сцяну шынамантажу малюнкі, на якія яны ўсе разам пайшлі паглядзець. Свае ўцёкі Андрэй патлумачыў тым, што ў горадзе за ім сочаць невядомыя міліцыянты, а супрацоўнікі ДАІ яму пагражалі. З гэтай нагоды ён падаў заявы ў РАУС і сьледчы камітэт.
У якасці сведкаў былі апытаныя кіроўца і інспектар ДПС ДАІ Віцебскага райвыканаму, якія затрымлівалі Волкаву і Кулакова. У тую ноч яны патрулявалі дарогу «Віцебск – Лёзна«.
З іх словаў, у першы раз невядомыя, якія наносілі малюнкі, збеглі. Твараў парушальнікаў праваахоўнікі не бачылі, але адзначылі, што адзін з іх – мужчына, а другая – дзяўчына. Гаспадар кафэ за нанесеныя малюнкі ні на кога не наракаў.
Каля чатырох гадзін даішнікі пад’ехалі яшчэ раз. Пабачылі тую самую дзяўчыну, якая ў першы раз наносіла надпісы, выбеглі з машыны і пасля непрацяглага пераследу затрымалі спачатку хлопца, а потым і дзяўчыну. Балончыкі з фарбай не знайшлі, але знайшлі накрыўку ад балончыка.
Падаў сваю версію агучаных падзей і Яўген Кавалеўскі, гаспадар кафэ «Сава», які хоча змяніць назву і перайменаваць кафэ ў «Света – 80 працэнтаў». З яго слоў, малюнкі з’явіліся яшчэ да прыезду Кулакова і Волкавай. Побач са сцяной ён знайшоў скрыню з балончыкамі для фарбавання і паставіў іх у машыну. Дарэчы, ён уласнаручна намаляваў чорнай фарбай верабейчыка, якога перад затрыманнем паказваў Кулакову і Волкавай. Прэтэнзіяў да аўтараў малюнкаў і надпісаў Яўген Кавалеўскі не мае.
На сённяшні час замест нанесеных малюнкаў і надпісаў сцены ўпрыгожваюць чорныя квадраты. Кавалеўскі напісаў у аддзяленне міліцыі скаргу на старшыню мясцовага сельвыканкаму, які зафарбаваў малюнкі, але справа пакуль не заведзеная.
Абаронца Волкавай і Кулакова пасля вывучэння відэаматэрыялаў заявіла, што суду не пададзеныя праўдзівыя доказы ўчынення Волкавай адміністрацыйнага правапарушэння, а сукупнасць доказаў, якія маюцца ў матэрыялах справы, не з’яўляюцца дастатковымі для вынясення пастановы аб адміністрацыйным спагнанні. Яна папрасіла адміністрацыйную справу ў дачыненні Волкавай спыніць праз недаказанасць яе віны.
Суддзя Міхаіл Зубеня пагадзіўся з аргументацыяй абароны ў той частцы, што расследаванне было праведзенае павярхоўна і не цалкам. Даследаваўшы інфармацыю з электронных носьбітаў, суд разам з тым прыйшоў да высновы, што віна Волкавай знайшла сваё пацвярджэнне, і аштрафаваў Марыю на 15 базавых велічынь (405 рублёў).
На погляд суддзі Зубені, удзел Кулакова ў нанясенні малюнкаў не знайшоў свайго пацвярджэння. Ніякіх доказаў учынення ім правапарушэння суду не прадстаўлена, таму справа ў адносінах да Кулакова падлягае спыненню праз недаказанасць віны.
С. Горкі