Пятніца, 23 Кастрычнік 2020

19-гадовую Марыю Амасовіч аштрафавалі на 162 рублі, але пакінулі за кратамі СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Падчас затрымання 18 кастрычніка. Марыя Амасовіч у цэнтры. Фота: TUT.BY Падчас затрымання 18 кастрычніка. Марыя Амасовіч у цэнтры. Фота: TUT.BY

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў на 6 базавых велічынь 19-гадовую навучэнку каледжу Марыю Амасовіч, якая ад 20 кастрычніка знаходзіцца ў СІЗА. Нягледзячы на такое рашэнне, з ізалятару дзяўчыну не выпусцілі: яе зноў затрымалі па новых пратаколах. Марыя застанецца за кратамі да панядзелка.

Суд 23 кастрычніка праходзіў у рэжыме анлайн. Справу, заведзеную паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП, разбіраў суддзя Ілля Белавус. Амасовіч вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных шэсцях 6 і 13 верасня. Паводле міліцэйскага пратаколу, дзяўчына рухалася ў калоне пратэстоўцаў і пляскала ў далоні.

Дзяўчына віны не прызнала. Сцвярджала, што 6 верасня яе наагул не было ў Віцебску.

У якасці доказаў міліцыянты (пратаколы на Марыю складаў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віталь Праліч, ён жа афармляў на СІЗА) падалі ў суд запісы аператыўных відэаздымак. Пасля іх прагляду суддзя Белавус палічыў віну Амасовіч даказанай і аштрафаваў яе на 6 базавых велічынь (162 рублі).

Але пасля агучанага судовага рашэння Марыю Амасовіч з віцебскага СІЗА (там зараз месціцца ізалятар часовага ўтрымання) не выпусцілі. Як стала вядома, яе адразу ж затрымалі на падставе новых пратаколаў паводле таго ж артыкулу 23.34 КаАП (адзін з іх – за ўдзел у акцыі 4 кастрычніка). Пратаколы ў СІЗА на дзяўчыну склаў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Канстанцін Ерашэўскі.

Марыю Амасовіч затрымлівалі 18 верасня, калі яна ў кампаніі дзяўчын прагульвалася з кветкамі па горадзе, але ў той дзень з аддзялення міліцыі яе адпусцілі. Зноў затрымалі 20 кастрычніка, калі дзўчына дабравольна, па позве, прыйшла ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

«Прыйшла без рэчаў, бо не планавала апынуцца ў ІЧУ. Адседзела трое сутак, то бок роўненька 72 гадзіны, хаця судзіць яе маглі ўжо на наступную раніцу. Для чаго было патрэбнае затрыманне да суду – незразумела. Відаць, для таго, каб грамадзяне яшчэ больш узненавідзелі міліцыю. Пасля сённяшняга суду яна зноў затрыманая, ізноў на 72 гадзіны, бо наперадзе – выходныя», – гэтак пракаментавала для «Віцебскай вясны» акалічнасці ўтрымання за кратамі 18-гадовай Марыі Амасовіч віцебская праваабаронца Ірына Траццякова.

С. Горкі