Сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня навапалачанку Алену Радзькову аштрафавалі сёньня на 30 базавых велічынь, прызнаўшы вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 28 траўня. У той дзень у Наваполацку прайшлі першыя пікетаваньні для збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва. Алена проста падышла да пікету ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай і пастаяла побач…

9 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску палічылі даказаным факт удзелу віцебскага актывіста Аляксандра Ільінца ў не дазволеным уладамі пікетаваньні з выкарыстаньнем плякату «Свабоду Ціханоўскаму!» і выявай перакрэсьленага прусака. Судзьдзя Алена Цыганкова аштрафавала актывіста на 40 базавых велічыняў. Між тым, Ільінец зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай.

Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Уладзімер Царыкаў палічыў, што актывіст «Народнай Грамады» Аляксандар Якушкоў браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 31 траўня і прысудзіў яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле часткі 3-й артыкулу 23.34 КаАП. Суд адбыўся ў анлайн-рэжыме 9 чэрвеня.

Віцебкую блогерку Алену Янушкоўскую, якую затрымалі 5 чэрвеня і да суду зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, прызналі сёньня вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, які, паводле міліцыі, адбыўся ў Віцебску 31 траўня. Суд Віцебскага раёну аштрафаваў жанчыну на 40 базавых велічынь. Яшчэ двух актывістаў – Алега Паўлава і Аляксандра Мацеюка прысудзілі адпаведна да 5 і 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Сябра ініцыятыўнай групы Артур Сінега і валянтэр Андрэй Зуеў былі затрыманыя ў Наваполацку 3 чэрвеня. Суткі да суду яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Сёньня суд гораду Наваполацку прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў 15 суткамі арышту. Але выкананьне прысуду адклалі на будучыню – актывісты выйшлі на волю…