Справу Наталлі Перуновай разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў. Жанчына не прызнала сваёй віны ў абодвух эпізодах. На судзе заявіла, што сярод пратэстоўцаў 23 верасня яе наагул не было.
На другое па ліку паседжанне ў якасці сведкі быў выкліканы супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віталь Праліч, які складаў на віцяблянку пратакол. Міліцыянт меўся давесці, што жанчына, якая фігуруе на аператыўных відэаздымках, і ёсць абвінавачаная Наталля Перунова. У якасці дадатковага доказу Праліч прынёс у суд відэазапіс камеры назірання, усталяванай у Кастрычніцкім РАУС. Патлумачыў, што Наталля на відэа ў той жа майцы, у якой была на акцыі 23 верасня.
Пасля прагляду суддзя Уладзімір Царыкаў прыйшоў да высновы, што на абодвух відэа фігуруе адна і тая ж асоба. Ён прызнаў Наталлю Перунову вінаватай у правапарушэнні паводле арт. 23.34 КаАП і пастанавіў пакараць яе штрафам у памеры 24 базавыя велічыні (648 рублёў).
Па словах Наталлі Перуновай сума прысуджанага ёй штрафу ўдвая большая за ейны заробак. Жанчына працуе ў шапіку «Віцебскаблсаюздруку», яе заробак, у лепшым выпадку, складае 350 рублёў.
Зміцер Міраш