13 студзеня Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі незалежнай журналісткі Алены Шабуні і трох грамадскіх актывістаў на рашэнні раённых судоў Віцебску і суду Докшыцкага раёну. Скаргі разглядалі суддзі Святлана Іванова і ІрынаСмалякова. Ніводная з пададзеных скаргаў не была задаволеная.

11 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу 25-гадовага віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Раней да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці Ісакаў не прыцягваўся. Цяпер яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

5 студзеня суд Кастрычніцкага раёну пакараў 66-гадовага віцябляніна Чэслава Салодкага штрафам у памеры 12 базавых велічынь за ўдзел у вулічным шэсці і ў несанкцыянаваным пікетаванні (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Удзельнікам пікетавання мужчыну прызналі толькі праз тое, што ўвечары ён прагульваўся міма дэкаратыўнай скульптуры мядзведзя, на якім быў нібыта накінуты бел-чырвона-белы сцяг…

Суд Віцебскага раёну 4 студзеня паўторна разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні 19-гадовай Ангеліны Туравец, абвінавачанай ва ўдзеле ў маршы памяці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 23.34 КаАП) 15 лістапада. Суддзя Наталля Траццякова прызнала дзяўчыну вінаватай і пакарала штрафам у памеры 40 базавых велічынь.

У апошні дзень 2020 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску паўторна разгледзеў справу праваабаронцы Ірыны Траццяковай, якую міліцыянты абвінавацілі ва ўдзеле ў «ланцугу салідарнасці» 19 чэрвеня (ч.1 арт. 23.34 КаАП) – у апошні дзень электаральнай кампаніі для збору подпісаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва. Суддзя Вольга Шапавал пастанавіла спыніць справу праз сканчэнне тэрміну вынясення адміністрацыйнага спагнання. Праваабаронцу такое рашэнне не задаволіла.