Віцяблянка Ала Рошчынская 13 лістапада прыйшла да катэдральнага касцёлу Езуса Міласэрнага ў Віцебску, каб памаліцца за супакой душы забітага Рамана Бандарэнкі. Усклала кветкі да крыжу, запаліла лампадку, разам з іншымі стала ў ланцуг памяці. 7 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў яе за гэта 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Жанчыну затрымалі адразу па сканчэнні працэсу.

У судзе Полацку 3 снежня аштрафавалі на 25 базавых велічынь жыхарку гораду Нэлі Алфёраву. Міліцыянты абвінавацілі жанчыну ў непадпарадкаванні супрацоўнікам МУС і іх абразе (арт. 23.4 і 23.5 КаАП) у дзень афіцыйнага адкрыцця адрамантаванага моста ў Полацку 6 лістапада. Па сведчаннях аднаго з відавочцаў, жанчыну затрымлівалі жорстка.

3 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да выхавацелькі Ганны Пашкевіч. За наўмысную абразу супрацоўніка МУС Мікалая Марозава (арт. 9.3 КаАП) суд аштрафаваў жанчыну на 5 базавых велічыняў. Рашэнне аб пакаранні прымаў суддзя Міхаіл Юрчанка.

Каталіцкаму святару з Расонаў Вячаславу Барку прысудзілі 10 сутак арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу 17.10 (прапаганда нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). Адбываць пакаранне будзе ў Наваполацку. Каб падтрымаць святара, на суд у Расоны прыязджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, паведамляе TUT.BY, спасылаючыся на сяброў ксяндза Барка ў сацсетках.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 3 снежня агучылі прысуд у дачыненні 33-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Кірыленкі. Яго вінавацілі ва ўчыненні гвалту да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК) падчас вулічнага шэсця 6 верасня. Суддзя Іна Грабоўская прызнала мужчыну вінаватым і пастанавіла пакараць пазбаўленнем волі на два з паловай гады.