5 студзеня суд Кастрычніцкага раёну пакараў 66-гадовага віцябляніна Чэслава Салодкага штрафам у памеры 12 базавых велічынь за ўдзел у вулічным шэсці і ў несанкцыянаваным пікетаванні (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Удзельнікам пікетавання мужчыну прызналі толькі праз тое, што ўвечары ён прагульваўся міма дэкаратыўнай скульптуры мядзведзя, на якім быў нібыта накінуты бел-чырвона-белы сцяг…

Суд Віцебскага раёну 4 студзеня паўторна разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні 19-гадовай Ангеліны Туравец, абвінавачанай ва ўдзеле ў маршы памяці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 23.34 КаАП) 15 лістапада. Суддзя Наталля Траццякова прызнала дзяўчыну вінаватай і пакарала штрафам у памеры 40 базавых велічынь.

У апошні дзень 2020 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску паўторна разгледзеў справу праваабаронцы Ірыны Траццяковай, якую міліцыянты абвінавацілі ва ўдзеле ў «ланцугу салідарнасці» 19 чэрвеня (ч.1 арт. 23.34 КаАП) – у апошні дзень электаральнай кампаніі для збору подпісаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва. Суддзя Вольга Шапавал пастанавіла спыніць справу праз сканчэнне тэрміну вынясення адміністрацыйнага спагнання. Праваабаронцу такое рашэнне не задаволіла.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 29 снежня разгледзеў адміністрацыйныя справы трох віцебскіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у запісе відэазвароту да ўладаў. Ролік са зваротам быў створаны 27 кастрычніка. Студэнтаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 23.23 КаАП). Усіх траіх суд прызнаў вінаватымі. Дзвюх дзяўчат аштрафавалі, студэнту Аляксандру Ткачову прысудзілі 5 сутак арышту.

24 снежня cуд Чыгуначнага раёну Віцебску аштрафаваў найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду на 50 базавых велічыняў. Суддзя Вольга Шапавал прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў не дазволеным уладамі пікетаванні. Дзеянні актывіста былі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт.23.34 КаАП.