Студэнтаў ВДТУ судзяць за відэазварот: Аляксандра Ткачова пасадзілі на 5 сутак
Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 29 снежня разгледзеў адміністрацыйныя справы трох віцебскіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у запісе відэазвароту да ўладаў. Ролік са зваротам быў створаны 27 кастрычніка. Студэнтаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 23.23 КаАП). Усіх траіх суд прызнаў вінаватымі. Дзвюх дзяўчат аштрафавалі, студэнту Аляксандру Ткачову прысудзілі 5 сутак арышту.
Барыса Хамайду аштрафавалі на 1350 рублёў – за «пікет, які доўжыцца 14 гадоў»
24 снежня cуд Чыгуначнага раёну Віцебску аштрафаваў найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду на 50 базавых велічыняў. Суддзя Вольга Шапавал прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў не дазволеным уладамі пікетаванні. Дзеянні актывіста былі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт.23.34 КаАП.
Выняла з рамкі партрэт Лукашэнкі і напісала «3%» - жанчыну аштрафавалі на 216 рублёў
23 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне паводле дзвюх справаў, заведзеных на кухарку абласной больніцы Алену Куставу. Маці дваіх няпоўнагадовых дачок прызнаная вінаватай у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўніка МУС (арт. 23.4 КаАП). Суддзя Андрэй Шыдлоўскі аштрафаваў жанчыну на 3 і 5 базавых велічынь адпаведна. Суд доўжыўся два дні.
Віктара Стукава аштрафавалі за сцяг на балконе. Актывіст правёў трое сутак у ІЧУ
У судзе Полацку і Полацкага раёну 21 снежня на 270 рублёў аштрафавалі прафсаюзнага лідара Віктара Стукава – за тое, што размясціў «палотнішча бел-чырвона-белага колеру» на балконе. Мужчыну затрымалі 17 снежня і пратрымалі ў ІЧУ 72 гадзіны, абвінаваціўшы ў правядзенні адзіночнага пікетавання (ч.1 арт. 23.34 КаАП).
Справу ліцэісткі Марыі Амасовіч спынілі. Суддзя папрасіў у яе прабачэння
21 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да студэнткі першага курсу Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэю Марыі Амасовіч, абвінавачанай паводле арт. 23.34 КаАП. Суддзя Міхаіл Юрчанка справу спыніў і прынёс прабачэнні за дзеянні міліцыі.