Віцебскі абласны суд 10 лютага разгледзеў пратэст на той момант выканаўцы абавязкаў пракурора гораду Віцебску Кірыла Дубава, які прасіў адмяніць рашэнні судоў Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў у дачыненні да Таццяны Севярынец, Алены Касновай, Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч. Абласны суд пратэст не задаволіў.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага працягнуўся крымінальны працэс у справе 22-гадовай віцяблянкі Юліі Кашаверавай – былой медсястры 103-й асобнай мабільнай брыгады. Дзяўчыну абвінавачваюць у злосным хуліганстве. Паводле следства, на маршы пратэсту 4 кастрычніка 2020 году яна пашкодзіла мікрааўтобус міліцыі і сарвала маску з амапаўца, піша TUT.BY.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага быў агучаны абвінаваўчы прысуд у дачыненні да 26-гадовага Арцёма Ісакава, які ўжыў газавы балончык у бок міліцыянта ў цывільным падчас шэсця 25 кастрычніка. Суддзя Сяргей Будрэвіч пастанавіў пакараць Ісакава 3-ма гадамі пазбаўлення волі.

3 лютага Віцебскі абласны суд разгледзеў тры скаргі на пастановы суду гораду Наваполацку, скаргу на рашэнне Пастаўскага раённага суду і скаргу на рашэнне суду Першамайскага раёну Віцебску. Усе пяць рашэнняў судоў першай інстанцый суддзі Святлана Іванова і Ірына Смалякова пакінулі без зменаў, а скаргі без задавальнення.

У крымінальным працэсе супраць віцябляніна Арцёма Ісакава, які 25 кастрычніка 2020 году ўжыў газавы балончык падчас шэсця, адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор папрасіў суд прызнаць Ісакава вінаватым і пакараць 6 гадамі пазбаўлення волі. Гэта максімальны тэрмін, прадугледжаны арт. 364 КК РБ.