Панядзелак, 21 Чэрвень 2021

Пракурор запрасіў паўтара года «хіміі» для віцябляніна, якога вінавацяць у абразе амапаўца Балабы

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Падчас працэсу над Ермаловічам Падчас працэсу над Ермаловічам

21 чэрвеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску ў межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча, адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор Аляксандр Філімонаў папрасіў суд прызнаць віцябляніна вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і пакараць яго абмежаваннем волі на 1 год і 6 месяцаў. Адвакатка падсуднага папрасіла абмежавацца арыштам на тэрмін, які мужчына ўжо адбыў у следчым ізалятары.

Працэс вядзе суддзя Наталля Карабліна. На пачатку судовага пасяджэння 21 чэрвеня стала вядома, што бацькі Вадзіма Ермаловіча аплацілі пазоўныя патрабаванні (1000 рублёў), якія выставіў пацярпелы кіраўнік менскага АМАПу Дзмітрый Балаба ў якасці кампенсацыі маральных пакутаў. Дакумент аб аплаце далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы.

Пракурор: Падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле

Падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца Філімонаў папрасіў суд «Ермаловіча Вадзіма прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў». Меру стрымання да набыцця прысудам законнай моцы пракурор папрасіў замяніць з заключэння пад варту на падпіску аб ня выездзе.

«Грамадская небяспека публічнай абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў уяўляе павышаную небяспеку, паколькі такія дзеянні здольныя парушыць нармальнае функцыянаванне апарату ўлады. У выніку падобных дзеянняў падрываецца аўтарытэт таго органа ўлады, які прадстаўляе пацярпелы. Таксама падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле. Зніжэння аўтарытэту ўлады ў свядомасці грамадзян негатыўна адбіваецца на функцыянаванні дзяржаўнага апарату», – патлумачыў пракурор.

Адвакатка: Ён не хаваўся ад следства

Адвакатка Вадзіма Ермаловіча звярнула ўвагу суддзі на змякчальныя акалічнасці: кампенсаванне маральнай шкоды, поўнае прызнанне віны яе падабаронным, а таксама на тое, што той атрымаў станоўчую характарыстыку з працы. Заўважыла, што Ермаловіч быў затрыманы каля літоўскай мяжы неўзабаве пасля завядзення крымінальнай справы, але пры гэтым ён не ведаў, што ў дачыненні да яго была вынесеная пастанова. Акурат таму ягоную паездку нельга трактаваць як спробу схавацца ад следства.

Адвакатка прасіла суд абмежавацца пакараннем у выглядзе арышту на тэрмін, які яе падабаронны ўжо адбыў. Вадзім Ермаловіч знаходзіцца ў СІЗА ад 14 красавіка 2021 году.

Падсудны: Я і так законапаслухмяны

Ад апошняга слова Вадзім Ермаловіч адмовіўся. Сказаў, што яму няма чаго дадаць. «Жыццё як свае будаваць збіраецеся?» – спытала суддзя Наталля Карабліна. «Працаваць буду», – адказаў падсудны. «Да жніўня 2020 году яно ў мяне даволі стабільнае было. Так і буду працягваць», – дадаў. На пытанне суддзі, ці збіраецца быць законапаслухмяным грамадзянінам, Вадзім Ермаловіч адказаў: «Я і да гэтага сябе законапаслухмяна паводзіў».

Прысуд Вадзіму Ермаловічу абвесцяць 22 чэрвеня ў 10.00.

Уладзімір Бяляўскі