Прысуд: паўтара года «хіміі» – за абразу амапаўца Дзмітрыя Балабы (відэа)
Адзін год і 6 месяцаў абмежавання волі – менавіта такое рашэнне 22 чэрвеня прыняла ў дачыненні віцябляніна Вадзіма Ермаловіча суддзя Наталля Карабліна. Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў мужчыну вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) – камандзіра менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабы. Падставай былі некалькі каментароў у Тэлеграм-чаце. Пасля абвяшчэння прысуду Ермаловіча вызвалілі з-пад варты ў зале суду.
Пракурор запрасіў паўтара года «хіміі» для віцябляніна, якога вінавацяць у абразе амапаўца Балабы
21 чэрвеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску ў межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча, адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор Аляксандр Філімонаў папрасіў суд прызнаць віцябляніна вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і пакараць яго абмежаваннем волі на 1 год і 6 месяцаў. Адвакатка падсуднага папрасіла абмежавацца арыштам на тэрмін, які мужчына ўжо адбыў у следчым ізалятары.
Камандзір АМАПу Дзмітрый Балаба просіць 1000 рублёў кампенсацыі за маральныя пакуты, прычыненыя віцяблянінам
Камандзір менскага АМАПу палкоўнік Дзмітрый Балаба падаў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды, якую яму нібыта нанеслі каментары віцябляніна Вадзіма Ермаловіча, апублікаваныя ў тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» у снежні 2020 году. Свае маральныя пакуты амапавец ацаніў у 1000 рублёў. Вадзім Ермаловіч, працэс над якім за абразу Балабы (арт. 369 КК) пачаўся ў Віцебску 18 чэрвеня, пазоў амапаўца прызнаў часткова. Заявіў, што патрабаванні варта знізіць да 500 рублёў.
У Віцебску пачалі судзіць мужчыну, які нібыта зняважыў амапаўца Дзмітрыя Балабу
18 чэрвеня суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разбіраць крымінальную справу ў дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча. Мужчыну абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Каментарамі ў Телеграм-чаце, па версіі следчых, Ермаловіч зняважыў начальніка менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабу. Журналістаў на працэс не пусцілі, на першае паседжанне трапілі толькі бацькі падсуднага і адзін слухач.
На мяжы з Літвой затрымалі віцябляніна, якога вінавацяць у абразе камандзіра менскага АМАПу Балабы
36-гадовага жыхара Віцебску Вадзіма Ермаловіча затрымалі 14 красавіка недалёка ад дзяржаўнай мяжы з Літвой. Мужчына знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе. На яго была заведзеная крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Па версіі следства, ён у Тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» абразіў камандзіра менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабу.