Справу разбірае суддзя Наталля Карабліна. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 18 і 24 снежня 2020 году Вадзім Ермаловіч зрабіў некалькі допісаў у адным з віцебскіх тэлеграм-чатаў, якія і былі расцэненыя як абраза прадстаўніка ўлады.
«Наўмысна публічна размясціў электронны тэкст паведамлення, у якім, згодна з заключэннем экспертаў, змяшчаюцца выказаныя ў непрыстойнай і грубай форме абразы на адрас Балабы. Негатыўна ацэньвае апошняга і ўтрымлівае ненарматыўную форму выказвання, якая зневажае аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады Балабы», – агучыў абвінавачванне пракурор.
Сам «абражаны прадстаўнік улады» палкоўнік Дзмітрый Балаба на працэс не з'явіўся. «Маецца заява аб разглядзе справы без ягонай прысутнасці», – паведаміла на пачатку працэсу сакратарка.
Вадзім Ермаловіч прызнаў сваю віну цалкам, але ад дачы паказанняў у судзе адмовіўся.
Паводле ягоных ранейшых паказанняў, зафіксаваных у пратаколах допыту, каментары на адрас Балабы насілі выключна жартоўны характар і не мелі на мэце абразіць камандзіра менскага АМАПу.
Нагадаем, Вадзім Ермаловіч быў затрыманы ў Віцебску 20 сакавіка. Праз 72 гадзіны яго выпусцілі з ізалятару пад падпіску аб нявыездзе. А ўжо 14 красавіка, яго зноў затрымалі недалёка ад літоўскай мяжы. У ягоным доме адбыўся ператрус: канфіскаваныя ўсе ноўтбукі і флэшкі, фотаапарат, налепкі з гербам Пагоня, грошы ды іншыя рэчы. Была канфіскаваная нават газета на ўкраінскай мове, якую, як патлумачыў сам Вадзім Ермаловіч, ён узяў бясплатна ў адным кафэ ва Украіне.
Разгляд справы працягнецца зранку ў панядзелак 21 чэрвеня. Вадзіму Ермаловічу пагражае да трох гадоў абмежавання волі.
Уладзімір Бяляўскі