Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна 31 траўня пастанавіла арыштаваць на 15 сутак жыхара Віцебска Аляксандра Сітава за тое, што ён правёў не дазволенае ўладамі  пікетаванне ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм».

Суддзя суда Гарадоцкага раёна Ганна Гурынава 29 траўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў сацыяльнай сеткі «Інстаграм» арыштавала на 15 сутак Віктара Стрыгельскага. У рамках адміністрацыйнага закона ў якасці дадатковага пакарання суддзя пастанавіла канфіскаваць у даход дзяржаве мабільны тэлефон, пры гэтым сім-карту загадала вярнуць арыштаванаму.

Суддзя суда Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка 29 траўня пастанавіў арыштаваць Наталлю Міцько на 5 сутак за распаўсюд у сацыяльных сетках “экстрэмісцкіх” матэрыялаў і на 7 сутак за пікетаванне ў інтэрнэце.

Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова 1 чэрвеня разгледзела скаргу грамадзянскай актывісткі Надзеі Куканос на рашэнні суда Кастрычніцкага раёна Віцебска аб пакаранні яе арыштам на 15 сутак за распаўсюд у сацыяльных сетках “экстрэмісцкіх” матэрыялаў і супраціўленне работнікам міліцыі. Вынікам разгляду скаргі было не на карысць Куканос. Суддзя Іванова пакінула без змены пастанову суддзі суда Кастрычніцкага раёна, а скаргу "правапарушальніцы" без задавальнення.

Суддзя суда Дубровенскага раёна Марыя Цыклінская 22 мая за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў прыгаварыла да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры гады, а таксама штрафу ў 11,1 тыс. рублёў і з пазбаўленнем на 5 гадоў права займаць пасады, былога намесніка старшыні ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аршанскага райвыканкама, дэпутата і намесніка старшыні Барздоўскага сельскага Савета дэпутатаў (Аршанскі раён) Андрэя Канстанцінава. Але улічваючы яго былыя заслугі і выдатныя характарыстыкі ад дзяржаўных органаў, суддзя адтэрмінавала на тры гады асноўнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.