Інцыдэнт, які разбіраў суд, здарыўся 1 ліпеня. Гаспадар машыны, на капоце і бакавінах якой былі намаляваныя вялікія літары «Z», звярнуўся з заявай ў міліцыю наконт нанесеных пашкоджанняў, нанесеных транспартнаму сродку. Лабавое шкло машыны была абліта белай фарбай. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі за гэта жыхара Наваполацка Іллю Двойрына.
Праваабаронцы звярнулі ўвагу на дзве адметныя дэталі: аўтамабіль належаў вядомаму прарасейскаму актывісту Сяргею Юдаеву і быў прыпаркаваны каля наваполацкага гарадскога аддзела міліцыі.
Відэа затрымання Іллі Двойрына было размешчана ў афіцыйных тэлеграм-каналах, супраць яго распачалі крымінальную справу. Па месцы жыхарства падазраванага правялі ператрус, а таксама былі затрыманыя чацвёра ягоных сваякоў – сын, нявестка, жонка і брат. У іх таксама адбыліся ператрусы, усіх чацвярых адвезлі ў ГАУС, але пасля праверкі тэлефонаў на «экстрэмісцкія падпіскі» жонку і брата адпусцілі. На сына і ягоную жонку склалі пратаколы за падпіскі на інтэрнэт рэсурсы, інфармацыйнай прадукцыя якіх прызнана экстрэмісцкай, абодвум прысудзілі па 15 сутак арышту.Іллю Двойрына пакаралі паводле адміністрацыйнага артыкула 24.23 – за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне: у судзе быў агучаны пратакол, паводле якога Двойрын прызнаў, што ўвесну 2023 года ён вырабіў улёткі з выявай прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і тэкстам антываеннага характару, і 16 траўня расклеіў іх на прыпынку грамадскага транспарту ў Наваполацку. Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава пастанавіла пакараць мужчыну 15-цю суткамі арышту. На той момант ён ужо знаходзіўся пад вартай.
Іллю Двойрына ўтрымлівалі за кратамі з моманту затрымання ў ліпені да суду ў канцы верасня. Пасля абвяшчэння прысуду ён быў вызвалены ў судовай залі.
Праваабаронцам вядома, што пад увагу сілавікоў Ілля Двойрын трапіў яшчэ ў 2020г. - яго затрымлівалаі за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Міхаіл Рамашкін