Суддзя суда Сенненскага раёна Людміла Талай, 29 чэрвеня, за актыўнасць у сацыяльных сетках па распаўсюджванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў аштрафавала педагога-арганізатара віцебскай сярэдняй школы №28 Караліну Звярынскую. Раней яе справа значылася ў раскладзе суда Першамайскага раёна Віцебска, аднак яго перадалі па месцы рэгістрацыі педагога - у Сенненскі раён.

Суддзя суда Першамайскага раёна Міхаіл Юрчанка 11 траўня за правядзенне не санкцыянаванага ўладамі пікетавання ў сацыяльных сетках аштрафаваў на 2220 рублёў маці траіх дзяцей Крысціну Буланаву.

Як стала вядома, Дзмітрыя Рудака з гарадскога пасёлка Падсвілле, што ў Глыбоцкім раёне, судзілі 13 чэрвеня ў Глыбокім па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).

У канцы чэрвеня раённы суд у Бешанковічах прысудзіў штраф Ганне Гудоўскай. Жанчыну прызналі вінаватай «за распаўсюд экстрэмізму» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП- за рэпосты відэаматэрыялаў, прызнаных у Беларусі экстрэміскімі. Метадыстку Бешанковіцкага Дома рамёстваў аштрафавалі на 925 рублёў (25 базавых велічынь).

Як стала вядома, суддзя Пастаўскага суда Наталля Жукава пакарала жыхарку Пастаўшчыны В. паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганду  такой дзейнасці) дваццаццю пяццю базавымі велічынямі штрафу. Гэта складае 925 беларускіх рублёў. Да таго ж яна пастанавіла канфіскаваць сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння - мабільны тэлефон Redmi NOTE-9.