Суддзя суда Дубровенскага раёна Ігар Татаеў 17 лістапада за падпіску ў сацыяльных сетках на «экстрэмісцкія» матэрыялы пакарала арыштам на адныя суткі кантралёра-касіра крамы «Капяечка» Таццяну Кароль.

Суддзя суда Верхнядзвінскага раёна Таццяна Кукліна 3 лістапада за распаўсюджванне ў сацыяльнай сетцы відэаматэрыялаў «экстрэмісцкага» зместу аштрафавала на 1110 рублёў 64-гадовую Наталлю Афанасенка.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебску Наталля Карабліна 26 кастрычніка за распаўсюд у мэсэнджэры публікацыі «экстрэмісцкага» зместу пакарала штрафам у памеры 1110 рублёў індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Канцавога.

17 лістапада суд Пастаўскага раёна прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП : у яе сацыяльных сетках міліцыянты знайшлі рэпосты з некалькіх інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных МУС экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. За некалькі дзён да таго, 13 лістапада, Ірыне Палянінай быў працягнуты прэвентыўны нагляд яшчэ на два гады – пасля першага году па вызваленні з калоніі.

21 і 22 лістапада калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разбірала апеляцыйную скаргу сужонцаў, асуджаных 25 верасня Віцебскім абласным судом за сувязь з тэлеканалам «Белсат», прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Вынік нечаканы: суддзя Юрый Руткоўскі перакваліфкаваў склад злачынства і зменшыў пакаранне Вячаславу Лазараву. Яго жонка Таццяна Пыцько будзе вызвалена з-пад варты: у дачыненні да яе Вярхоўны суд пастанавіў даць адтэрміноўку, што да выканання пакарання.