Ягор Маціенка, зарэгістраваны ў садаводчым таварыстве «Аўтамабіліст», быў асуджаны 2 лістапада: суддзя суду горада Оршы і Аршанскага раёну Юлія Вяршыніна прызнала яго вінаватым паводле ч.2 арт.19.11 КаАП РБ (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзеянасць». Суд вырашыў канфіскаваць у жыхара Аршаншчыны і мабільны тэлефон – як сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння.

 Суддзя суда Аршанскага раёна Юлія Вяршыніна 9 лістапада за падпіску ў сацыяльнай сетцы на "экстрэмісцкія" інфармацыйныя рэсурсы пастанавіла арыштаваць на 15 сутак прыёмшчыка цягнікоў ст. Орша Ігара Туранскага.

Рашэннем Віцебскага абласнога суда 24 кастрычніка падверглася прымусовай ліквідацыі Міжнароднае грамадскае аб'яднанне рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей "Алмаз". Ініцыятарам такога рашэньня стала кіраўніцтва беларускага Міністэрства юстыцыі. 

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Уладзімір Царыкаў 2 лістапада за распаўсюд “экстрэмісцкіх” публікацый у сацыяльнай сетцы паўторна арыштаваў на 15 сутак «Чалавек года Віцебшчыны — 2014», загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі абласной бальніцы Аляксандра Ганчарова. Суддзя суда Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова 10 лістапада разгледзела скаргу доктара ў апеляцыйным парадку пакінула яе без задавальнення, а пастанову суда першай інстанцыі без змены.

Жыхарка Паставаў, асуджаная на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, вызвалілася па сцячэнні тэрміна пакарання ў лістападзе мінулага году. Па вызваленні ёй быў прызначаны прэвентыўны нагляд на адзін год. 13 лістапада суддзя Пастаўскага раённага суду Наталля Жукава працягнула жанчыне прэвентыўны нагляд яшчэ на два гады.