Актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Алесь Круткін быў 28 студзеня асуджаны на 15 сутак Полацкім судом. Гэтак яго пакаралі за ўдзел у мірных акцыях у абарону незалежнасьці краіны, якія праходзілі ў Менску ў сьнежні 2019 году. Суд над актывістам прайшоў у закрытым рэжыме, паведамляе «Эўрапейская Беларусь».

28 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Натальлю Сьпірыдонаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у сьнежаньскім антыінтэграцыйным пікеце на плошчы Перамогі. У гэты ж дзень у судзе Кастрычніцкага раёну яна разам з полацкім актывістам Аляксандрам Круткіным стала фігуранткай іншай адміністрацыйнай справы.

У Полацку і Наваполацку праходзяць суды над удзельнікамі акцыі за незалежнасьць Беларусі. 4-га студзеня паўтара дзясятка актывістаў сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору, склаўшы з раздрукаваных на паперы літар слова «Незалежнасьць». Некалькі чалавек трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

24 студзеня ў Віцебску адбыліся два адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасьці Беларусі. Суд Чыгуначнага раёну на 25 базавых велічынь аштрафаваў віцябляніна Аляксандра Якушкова, а Віцебскі раённы суд пакараў штрафам у памеры 30 базавых Алену Янушкоўскую.

23 студзеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску судзьдзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў грамадзкіх актывістак Натальлю Сьпірыдонаву на 25 базавых велічынь, а Тацяну Севярынец – на 30. У той жа час у судзе Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прысудзіў Алене Янушкоўскай 25 б.в. Усіх трох зьвінавацілі паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП.