Аўторак, 09 Чэрвень 2020

Аляксандра Якушкова асудзілі праз скайп на 10 сутак арышту. Судзьдзя – Царыкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Падчас суду над Якушковым Падчас суду над Якушковым

Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Уладзімер Царыкаў палічыў, што актывіст «Народнай Грамады» Аляксандар Якушкоў браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 31 траўня і прысудзіў яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле часткі 3-й артыкулу 23.34 КаАП. Суд адбыўся ў анлайн-рэжыме 9 чэрвеня.

За віцяблянінам Аляксандрам Якушковым міліцыянты палявалі яшчэ 5 чэрвеня. У той дзень былі затрыманыя Алена Янушкоўская і Алег Паўлаў, але Якушкоў змог тады пазьбегчы затрыманьня. Яго затрымалі 8 чэрвеня пасьля суду над Янушкоўскай і адразу зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Судовае паседжаньне 9 чэрвеня адбывалася праз скайп. Справу Якушкова разглядаў судзьдзя Уладзімер Царыкаў.

Паводле пратаколу, актывіст «31 траўня, знаходзячыся каля ГЦ «Марка-Сіці», парушаючы закон аб масавых мерапрыемствах, узяў удзел у несанкцыянаваным мітынгу без дазволу адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску».

Судзьдзя агучыў рапарты супрацоўнікаў міліцыі. Як вынікала з рапарту міліцыянта Зуева, «пад падставай збору подпісаў за кандыдата Ціханоўскую сябры ініцыятыўнай групы правялі пікет зь іншымі мэтамі».

Высьвятляючы, навошта актывіст узяў удзел у мітынгу і выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп, таракан!», судзьдзя тлумачыў, што «ёсьць усталяваны парадак выказваньня свайго меркаваньня».

Судзьдзя Уладзімер Царыкаў

Падчас анлайн-трансьляцыі, зладжанай на судовым паседжаньні, Аляксандар Якушкоў паведаміў, што яму цягам 11 гадзін не давалі піць, хоць ён аб гэтым настойліва прасіў. Праз гэта яму стала кепска, і ён быў вымушаны прасіць, каб выклікалі лекара. На гэтую скаргу судзьдзя не зьвярнуў аніякай увагі.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.