21 лютага судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова разгледзела скаргу актывіста Алеся Круткіна на рашэньне суду Кастрычніцкага раёну, які прысудзіў яму 15 сутак арышту за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!». Скарга засталася без задавальненьня.

19 лютага адбылося другое пасяджэньне суда па адміністрацыйнай справе журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэньні Закону аб СМІ за супрацу з тэлеканалам «Белсат». У выніку Глыбоцкі раённы суд вынес пастанову аб спыненьні справы ў сувязі з недаказанасьцю, паведамляе служба маніторынгу «Беларускай асацыяцыі журналістаў»

19 лютага віцебскія актывісты Аляксандар Дуброўскіх, Тацяна Севярынец і Алена Янушкоўская спрабавалі ў абласным судзе абскардзіць рашэньні судоў ніжэйшай інстанцыі, якія пакаралі іх штрафамі за «парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» (арт. 23.34 КаАП). Актывістаў штрафавалі за дзеяньні, зьвязаныя з адстойваньнем незалежнасьці Беларусі.

18 лютага суд Віцебскага раёну разгледзеў чарговую адміністрацыйную справу, заведзеную ў дачыненьні да віцебскай актывісткі і блогеркі Алены Янушкоўскай. За рэпост, зроблены ў «Фэйсбуку», яе абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1, арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

Раніцай 13 лютага ў судзе Першамайскага раёну Віцебску працягнуўся разгляд справы, распачатай у дачыненьні да полацкага блогера Алеся Круткіна і віцебскай актывісткі Натальлі Спірыдонава за разьмяшчэньне ўлёткі «Калгаснай дыктатуры Баста!» на будынку віцебскага ДБК. Судзьдзя Алена Протас аштрафавала кожнага з актывістаў на 50 базавых велічынь.