Удзельнікаў стрымаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія праходзілі на Віцебшчыне, абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. Суды праходзілі патаемна: сябрам і нават сваякам рэдка калі ўдавалася трапіць на працэсы, піша Беларускае Радыё Рацыя.

Віцяблянін Аляксандар Ільінец быў затрыманы міліцыянтамі 8 траўня. Пасьля складаньня пратаколу яго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён правёў да суду трое сутак. Сёньня, 11 траўня, суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і пакараў 5 суткамі адміністрацыйнага арышту з улікам ужо адбытых.

У пятніцу 8 траўня ў Віцебску былі затрыманыя шэсьць жыхароў Віцебску, якія 3 траўня бралі ўдзел у «кармленьні галубоў». Віцяблян запрасілі ў аддзел аховы грамадзянскага правапарадку Чыгуначнага раёну для дачы тлумачэньняў, пасьля гэтага сувязь зь імі перарвалася. Найверагодней, што людзей на ўсе выходныя зьмясьцілі да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў удзельніка «кармленьня галубоў» віцябляніна Алега Баразну вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў яго на 20 базавых велічынь. Ноч з 7 на 8 траўня мужчына правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. У суд яго не прывозілі – паседжаньне ладзілася праз Skype.

24 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы віцебскай блогеркі Вольгі Жураўскай («Снимать разрешено»). Пратакол на яе быў складзены паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Блогерку судзілі за тое, што 20 сакавіка ў памяшканьні сьледчага камітэту яна сеяла паніку і кашляла на супрацоўнікаў, да таго ж – здымала ўсё на камэру.