Прафсаюзны актывіст распавёў: «У сьнежні я зьвяртаўся ў Полацкі суд па двух пытаньнях. Першае — каб мяне бесьперашкодна прапускалі на тэрыторыю прадпрыемства, другое — каб спынілі дыскрымінацыю ў дачыненьні да нашага прафсаюзу. Дыскрымінацыя ў тым, што нас не запрашаюць і не пускаюць на калектыўныя перамовы з працадаўцам, у адрозьненьне ад афіцыйнага, прадзяржаўнага прафсаюзу. Без удзелу ў перамоўным працэсе мы ня можам уплываць, прыкладам, на складаньне працоўнай калектыўнай дамовы. З намі ўвогуле ня хочуць весьці аніякіх перамоваў, і таму судовыя рашэньні выглядаюць як зьдзек. Мясцовы суд не задаволіў гэтую скаргу, а абласны патлумачыў, што дыскрымінацыя прафсаюзу — гэта не прадмет судовага разбору. Што гэта, маўляў, вырашаецца ў працэсе перамоваў з кіраўніцтвам. Якія перамовы, калі іх няма, бо за гэтае права я якраз і змагаюся?»
Дарэчы, што да першай скаргі, якую месяц таму задаволіў Полацкі суд, то гэтае рашэньне хоча аспрэчыць ужо кіраўніцтва прадпрыемства, дадае Віктар Стукаў: «Полацкі суд пастанавіў, каб мне выпісалі пропуск і бесьперашкодна прапускалі на вытворчасьць. Я пэнсіянэр, вызвалены прафсаюзны кіраўнік, і гэтым адміністрацыя карыстаецца, каб стварыць перашкоды для маіх сустрэчаў з рабочымі. У касацыйнай скарзе адміністрацыя напісала, што я „ствараю праблемы“, калі прыходжу на прадпрыемства — правакую на скандалы, парушаю дысцыпліну і гэтак далей. Гэтаму няма ніякіх пацьвярджэньняў, але касацыйная скарга ўжо пададзеная, чакае разбору. А на прадпрыемства мяне па-ранейшаму не пускаюць».
Віктар Стукаў мяркуе, што адміністрацыя перастрахоўваецца, каб ня сталі вядомымі парушэньні ў дачыненьні да працаўнікоў. Суполка СПБ ставіць вострыя пытаньні наконт правоў працоўных, у прыватнасьці, пра парушэньні правілаў аховы працы. Ня так даўно, дзякуючы інфармацыі ад работнікаў «Полацак-Шкловалакна» стаў шырока вядомы выпадак, калі па дамоўленасьці начальнікам цэху ў плавільнай печы жыўцом спалілі котку з кацянятамі. Зразумела, што ў працоўныя абавязкі работнікаў «скуралупства» не ўваходзіць, ня кажучы ўжо пра маральны аспэкт гэтага выпадку.
Паводле Віктара Стукава, адміністрацыя баіцца «працёку» любой нэгатыўнай інфармацыі за межы прадпрыемства. А СПБ мае магчымасьць ня толькі зафіксаваць, але і распаўсюдзіць такую інфармацыю — праз уласны бюлетэнь «Стекляшка» або праз свой інтэрнэт-сайт.