Пятніца, 01 Май 2026

Суды Віцебскай вобласці зноў паспрыялі папаўненню "Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Па ініцыятыве рагіянальных пракуратур у гэты спіс трапіў  YouTube-канал расейскага блогера і журналіста Юрыя Дудзя,  Instagram жыхара Японіі і яшчэ некалькі інтэрнэт-рэсурсаў. "Экстрэмісцкі" спіс на сайце Міністэрства інфармацыі быў абноўлены 30 красавіка.

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў “экстрэмісцкай” інфармацыйнай прадукцыяй YouTube-канал расейскага блогера і журналіста Юрыя Дудзя, папулярнага ў беларусаў.

YouTube-канал "вДудь" стаў лічыцца “экстрэмісцкім” з 27 красавіка – менавіта ў той дзень было прынята судовае рашэнне.

Заадно суд Чыгуначнага раёна  прызнаў “экстрэмісцкай” і акаўнт у ТikTok “безыменнага” блогера user37482224238772, які пераказваў гледачам беларускія навіны з уласнымі каментарамі.

Свой унёсак у апошняе папаўненне “Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў” зрабілі і яшчэ два суды Віцебшчыны. 27 красавіка суд Глыбоцкага раёна прызнаў “экстрэмісцкай” старонку “ВКонтакте” з назвай "Калі ласка – Беларусь". А суд Талачынскага раёна знайшоў “экстрэмізм” на старонцы Shimizu Satoshi ў Instagram. Яе аўтар каментуе сацыяльна-палітычныя падзеі ў Японіі і ў Беларусі.

Валянціна Тышкевіч