Гісторыя ўзаемаадносінаў жыхара Барані Аляксандра Мухіна зь мясцовымі лекарамі-псіхіятрамі пачалася ў 2014 годзе. 10 траўня яго забралі з дому ў аршанскі псыханэўралягічны дыспансэр. Пасьля гутаркі зь лекарамі яму паставілі дыягназ «Сындром залежнасьці ад алькаголю» і распачалі прымусовыя лячэбныя працэдуры.
Прымусовае лекаваньне працягвалася тры дні. Аляксандру Мухіну не дазвалялі патэлефанаваць родным, забралі акуляры, безь якіх яму цяжка абыходзіцца, бо ён мае высокую ступень блізарукасьці. А пэрсанал, паводле ягоных слоў, увесь час паўтараў, што яго са шпіталя больш не выпусьцяць. Тым ня менш 12 траўня яго адпусьцілі дадому, але паставілі на ўлік у псыханэўралягічным дыспансэры.
Спадар Мухін ня стаў шырока паведамляць пра гэтае здарэньне, але напісаў заяву ў аршанскую пракуратуру. Дадаў таксама і пра свае безвыніковыя памкненьні зьняцца з псыхіятрычнага ўліку.
Пасьля звароту ў пракуратуру Мухіна з уліку зьнялі, і 23 ліпеня ён атрымаў ліст з цэнтральнай паліклінікі, дзе кіраўніцтва прызнавала, што псыхіятры паставілі беспадстаўны дыягназ і парушылі правы пацыента. Гэты дакумэнт стаў аргумэнтам у судзе: Аляксандар Мухін напісаў пазоў пра нанясеньне шкоды ягонаму гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі ды запатрабаваў кампэнсацыі маральнай шкоды памерам 25 мільёнаў рублёў.
Суд прыняў рашэньне спагнаць з паліклінікі 3 мільёны рублёў на карысьць Мухіна. Аднак з такім рашэньнем не пагадзіўся галоўны ўрач мэдычнай установы Аляксандар Плыткевіч. Нягледзячы на тое, што Мухіну быў дадзены адказ, у якім былі пацьверджаныя парушэньні, галоўны ўрач паліклінікі спрабаваў апраўдаць дзеяньні калег.
Тым ня менш 22 студзеня 2015 году Віцебскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў рашэньне аршанскага суду наконт матэрыяльнай кампэнсацыі пацярпеламу. Што да дзеяньняў мэдпэрсаналу, то сытуацыя з Мухіным стала падставай для атэстацыі спэцыялістаў на веданьне заканадаўства, якім яны мусяць кіравацца ў падобных выпадках.
Для самога Аляксандра Мухіна справа абароны ўласнага гонару была прынцыповай. Ён – вядомая ў рэгіёне асоба, стваральнік і кіраўнік рок-клюбу «Doors», арганізатар шматлікіх канцэртаў.
У інтэрвію аршанскаму незалежнаму сайту orsha.eu Аляксандар Мухін яшчэ раз абгрунтаваў сваю пазыцыю: «Свабода для мяне – не пустое слова. І я не хачу ператварацца ў быдла, маўклівае і бяспраўнае. Калі гэта ўсё пачыналася, сваякі і знаёмыя казалі мне: “Ты нічога ня зможаш дамагчыся. Куды ты лезеш? Могуць і насамрэч дурнем зрабіць. Гэтую сьцяну не праб’еш”. Але Свабода – гэта натуральнае пачуцьцё кожнага чалавека, дадзенае нам пры нараджэньні. І ня трэба яго заганяць у нейкі цёмны і далёкі куток сваёй душы».
Паводле spring96.org
Відэа: vitebskspring.org