«У судовае паседжаньне Іваноў П.Я. не зьявіўся, будучы належным чынам апавешчаным пра дату і час судовага разбору непасрэдна падчас складаньня пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэньне», – гаворыцца ў вынесенай судзьдзём Прэйсам пастанове. Сам жа Пётар Іваноў сьцьвярджае, што пра дзень і час суду яму паведамлена не было, прычым зроблена гэта было наўмысна:
«Па-першае, названы пратакол складаўся ў маю адсутнасьць, пра што дакладна вядома суду. Па-другое, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні быў мне даведзены без паведамленьня даты і часу судовага разбору. Па-трэцяе, чарговае судзілішча спэцыяльна праходзіла без майго апавяшчэньня, каб не дапусьціць апытаньня ў судовым паседжаньні сьведак – відавочцаў падзеі, а таксама пазбавіць мяне магчымасьці даць тлумачэньні, што выкрываюць злачыннае самавольства суду».
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, на падставе якога пакаралі актывіста, склала судзьдзя Натальля Карабліна 15 сьнежня. У той дзень адбывалася першае паседжаньне па адміністрацыйнай справе паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), разгляд якой завяршыўся 23 сьнежня. У выніку таго суду, нагадаем, Пётар Іваноў быў прысуджаны да штрафу памерам 25 базавых велічынь, таксама былі прызначаныя штрафы Аляксандру Холаду (25 б.в.) і Пятру Берлінаву (10 б.в.).