Гэта Людміла Барэйка з Глыбокага, Мікіта Чыжэўскі і Васіль Марэцкі з Полацка, жыхар Шаркоўшчыны Сяргей Голуб. Усіх чатырох судзілі паводле розных артыкулаў Крымінальнага Кодэкса. Пра Людмілу Барэйку, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан» і даўно жыве за мяжой, у «Спісе грамадзян РБ, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці» чамусьці пазначана, што жанчына «Адбывае пакаранне».

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Тэма гэтага Дня -- права на здароўе і медыцынскую дапамогу ў зняволенні. 74-гадовы Васіль Бераснеў з Аршаншчыны – адзін з тых, хто заслугоўвае асаблівай падтрымкі ў гэты дзень. Ён трапіў у зняволенне ўжо ў сталым узросце і з праблемамі са здароўем. У калоніі паўстала пытанне пра перасадку ныркі, але, паводле звестак праваабаронцаў, яго вярнулі са шпіталя, так і не правёўшы аперацыі.

Віталь Пахомчык, Віктар Пузан, Генадзь Гутар, Ірына Сталока, Аляксандр Цярлюк і Анатоль Астроўскі 16 красавіка  асуджаны судом Партызанскага раёна  Мінска  паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).   Віталь Пахомчык, апрача  гэтага, тым самым судом асуджаны яшчэ й паводле арт 369 Крымінальнага Кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).

 61-гадовы блогер Мікалай Клімовіч (вёў свой блог пад псеўданімам Мікалай Верасень) быў асуджаны паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) да зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 1 год. Такі вырак у судзе Пінска і Пінскага раёна вынес суддзя Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, негледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы - перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. І мусіў знаходзіцца пад сталым наглядам лекараў.

Крымінальны кодэкс Беларусі дае асуджаным шырокія магчымасці вызваліцца раней за тэрмін. Гэта і замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім, і ўмоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ), і амністыя, і нават памілаванне. Але фактычна гэтага ўсяго пазбаўлены палітзняволеныя.