Старшыня Беларускага таварыства «Веды» сустрэўся з так званым ідэалагічным актывам Першамайскага раёну. Паколькі сустрэча праходзіла на Віцебскім заводзе трактарных запчастак, то слухаць праўладнага прапагандыста давялося не толькі чыноўнікам і кіраўнікам прадпрыемстваў, а яшчэ і простым працаўнікам. Што хацеў данесці людзям чалавек, роля якога – усхваляць ці прынамсі апраўдваць дзеянні ўладаў?

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт вырашыў вызначыць пералік аб'ектаў Мёрскага раёна для адбыцця асуджанымі пакарання ў выглядзе грамадскіх работ. Рашэнне прынята на падставе арт. 178 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сваё рашэнне выканкам узгадніў з аддзелам унутраных спраў і мясцовай крымінальна-выканаўчай інспекцыяй. Можна меркаваць, што ўлады рыхтуюцца часцей ужываць пакаранні ў выглядзе грамадскіх работ, каб фармальна законным чынам прымяняць прымусовую працу ў мясцовай эканоміцы.

Праз раённую газету «Патрыет» начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Вушацкага РАУС Аляксей Антуновіч нагадвае чытачам, што крымінальную адказнасць цягне за сабой падпіска на экстрэмісцкія каналы і чаты, якія маюць статус экстрэмісцкага фарміравання. Санкцыя адпаведнага артыкула (361-1) КК прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Таму супрацоўнік МУС раіць перагледзець свае падпіскі і выдаліць «ненадзейныя». І хаця ў пачатку артыкула жыхароў Вушаччыны страшаць і адміністрацыйнымі пакараннямі з падпіску на каналы з экстрэмісцкімі матэрыяламі, спадар Антуновіч ніжэй тлумачыць, што толькі за падпіску «пакуль не караюць».

Улады прыдумалі, на іх погляд, новую эфектыўную форму прафілактыкі наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі. Гэта-разгортванне шырокай сеткі ваенна-патрыятычныя клубаў, дзе былых нарказалежных навучаць валодаць стралковай зброяй і элементам рукапашнага баю. Такая ідэя прагучала на адкрытым пасяджэнні Аршанскага райвыканкама з удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, пад час якога абмяркоўваліся меры па барацьбе са злачыннасцю ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў і прафілактыцы распаўсюджвання наркаманіі.

Як піша сайт "Браславская звезда", жыхары дома № 73, што па вуліцы Садовай у Браславе, скардзяцца на тое, што ў пяціпавярховым будынку не працуе ліфт. Больш за тое, ён ніколі не працаваў.