З 2006 г. гэты дзень адзначаюць у памяць пра вызваленне вязняў канцэнтрацыйнага лагера  Аўшвіц, якое абылося 27 студзеня 1945г.  У гэтым лагеры нацысты замучылі каля мільёна  габрэяў і  тысячы прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Нягледзячы на тое, што дзень памяці ахвяраў Халакосту адзначаюць штогод, у Віцебску дагэтуль на належным узроўні не ўшанавана памяць пра вязняў мясцовага гета, якое мясцілася на беразе Дзвіны ў раёне сучаснай вуліцы Іллінскага, і дзе ў часе мінулай вайны загінулі 16-18 тысяч чалавек. Тут усталяваны толькі часовы памятны знак з абяцаннем стварыць сапраўдны мемарыял ці нават музей гета ў будынку былога раённага дома культуры, які шмат гадоў стаіць зачынены.

Міністр інфармацыі Ўладзімір Пярцоў наведаў рэдакцыі наваполацкага тэлевізійнага канала «Вектор ТВ» і газеты «Новополоцк сегодня». А таксама сустрэўся з прадстаўнікамі так званага «ідэалагічнага актыву» гораду, куды ўваходзяць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, удзельнікі праўладных партыйных структур, прафсаюзаў і гд. Тэмай гутаркі стала абмеркаванне задачаў ідэолагаў і СМІ «у няпростых умовах ідэалагічнай вайны». Міністр інфармацыі падкрэсліў, што ўнутры краіны і за яе межамі ўтварылася складаная абстаноўка, і што работнікі «ідэалагічнага фронту» сёння павінны супрацьстаяць негатыўнаму парадку дня, які прасоўваюць апаненты ў адносінах да Беларусі».

Улады ў хуткім часе запусцяць у юрыдычнае абарачэнне Закон "Аб змене законаў па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі". На думку дэпутатаў у законе гарманічна спалучаюцца гвалтоўнае лячэнне ад алкагалізму і наркаманіі і прымусовая праца. Як лечаць, пазбаўляе ад шкодных прыхільнасцяў у віцебскіх ЛПП можна паглядзець тут, тут і тут.

Браслаўскія чыноўнікі паехалі распавядаць у Відзаўскі каледж пра прыярытэты і дасягненні беларускай навукі, а людзей больш хвалявала якасць дарог і развіццё сістэм водазабеспячэння.

У перыяд моцных снегападаў, з якіх сёлета пачалася каляндарная зіма, жыхароў Віцебшчыны актыўна агітавалі дапамагаць работнікам камунальнай гаспадаркі. У якасці прыкладаў «добраахвотнай» дапамогі дзяржаўныя СМІ апісвалі ініцыятывы БРСМ па ўборцы снегу на падворках асобаў сталага ўзросту, заклікалі супрацоўнікаў прадпрыемстваў і ўстановаў выходзіць на барацьбу з зімовымі ападкамі. Аднак грамадзяне адмаўляюцца бясплатна выконваць працу, якой мусяць займацца работнікі сістэмы ЖКГ, паколькі яна не спраўляецца са сваімі непасрэднымі задачамі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання ў раённай газеце «Гарадоцкі веснік».