«Аршанская газета» распавяла пра «новую практыку ў выхаваўчай рабоце», якую прымяніла мясцовая крымінальна-выканаўчая інспекцыя. У гэтай установе бяруць на адмысловы ўлік тых, хто вызваліўся пасля адбыцця пакарання за крымінальныя злачынствы. Інспектары сочаць, каб былыя зняволеныя ўладкоўваліся на працу і не парушалі грамадскі парадак. Тых, хто яшчэ не працаўладкаваны, супрацоўнікі КВІ і заклікалі «на добраахвотнай аснове» узяць удзел у расчыстцы снегу каля аршанскага этнаграфічнага музея.

 У 2023 годзе стала вядома пра 120 новых выпадкаў ВІЧ, пры гэтым у 2022 годзе быў зафіксаваны 91 новы выпадак. Год ад года гэты паказчык вырас на 32 працэнты. За мінулы год у Віцебскай вобласці ад гэтай хваробы памёр 61 чалавек (у 2022 - 44), г.зн. смяротнасць павялічылася на 39%.

Ва ўстанове аховы здароўя «Полацкая ЦГБ» прайшло пасяджэнне выніковага медыка-санітарнага савета. На ім падсумоўвалі вынікі працы за 2023г., якая была накіравана на "забеспячэнне даступнасці меддапамогі, санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту ў рэгіёне, эфектыўнасці медпаслуг, павышэнне кадравага патэнцыялу". З апошнім атрымаўся поўны канфуз: паводле справаздачы кіраўніцтва, укамплектаванасць бальніцы па фізічных асобах складае усяго 62,6%, па штатных адзінках – 91,75%. На практыцы гэта азначае, што замест трох адмыслоўцаў пэўнага профілю працуе адзін, а то і ўвогуле ва ўстанове няма патрэбных спецыялістаў.

Вельмі дзіўная імпрэза пра прафесійнай арыентацыі прайшла ў Дубровенскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Тады як паўсюдна гавораць пра неабходнасць гадаваць кадры для сельскай гаспадаркі, каб моладзь заставалася працаваць на сяле, навучэнцаў дубровенскага каледжа і старшакласнікаў мясцовай сярэдняй школы агітавалі ісці ў міліцыянты. На сустрэчу з маладымі людзьмі прыехалі прадстаўнікі аддзелаў кадраў розных міліцэйскіх падраздзяленняў, супрацоўнікі АМАПа і ДАІ. Усе яны агітавалі хлопцаў і дзяўчат папоўніць шэрагі сваіх структур.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў агляд найбольш значных зменаў у беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці. Аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах. БХК працягвае аналізаваць трэнды ў дзяржаўнай палітыцы. У 2024 годзе плануецца выпусціць адразу тры агляды. Падрабязна азнаёміцца з мінулымі справаздачамі можна па спасылцы.