Як распавядае мужчына, пры ўладкаванні на працу начальнік калоны яму сказаў, што ён будзе мець заробак плюс дызпаліва.
Але абяцаная схема не спрацавала, і АБЭЗ правёў праверку па паліўных картах. На допытах навапалачанін казаў супрацоўніку АБЭЗ, што быццам усе зліваць з бака і што бачыў, як начальнік калоны раней часцяком заязджаў на аўтавакзал і заліваў у бак свайго аўтамабіля злітае з аўтобуса дызпаліва, а каністру яму даваў сам кіроўца аўтобуса.
Пасля гэтых словаў мужчыны супрацоўнік АБЭЗ хутка выключаў дыктафон і сказаў, што яму трэба было браць прыклад з начальніка, што трэба было зэканомленае дызпаліва прадаваць не па паліўнай карце, а зліваць з бака.
Кіроўца Андрэй П. таксама зазначыў, што ў аўтапарку некалькі кіроўцаў і адзін з начальнікаў аўтапарка размаўлялі на гэтую тэму. Гэты начальнік сказаў: "хто трапіўся - самі вінаватыя, заленаваліся зліваць". На думку Андрэя П., гэта азначае, што такая сітуацыя на прадпрыемстве доўжыцца з даўніх часоў. А гэта значыць, што начальства пра гэта ведала і не змагалася з падобным.
Паводле мужчыны, тут усё значна прасцей. Гэтая сістэма існуе яшчэ з савецкіх часоў і на шматлікіх транспартных прадпрыемствах яна захавалася, хіба што з нязначнымі зменамі. Далей ён распавядае, як прыблізна працуе сістэма.
Начальству неабходна забяспечваць выпуск на лінію спраўных аўтобусаў. А ў слесараў маленькі заробак, і яны не будуць добра рамантаваць аўтобусы. Кіраўніцтва гэта разумее і патрабуе з кіроўцаў, каб яны займаліся сваімі аўтобусамі. Аднак навошта гэта патрэбна вадзіцелям. Але калі ёсць магчымасць зэканоміць і прадаць дызпаліва і начальства за гэта іх не карае, то кіроўца можа ўкласці ў аўтобус сёння (напрыклад, купіць у краме недарагую запчастку, якой няма на складзе або пачаставаць слесара або даць дызпаліва майстру) і атрымаць акупляльнасць гэтых выдаткаў заўтра, а ў наступныя дні атрымаць прыбытак. Прадаць зэканомленае ДТ - гэта і ёсць стымул для кіроўцы як мага лепш і хутчэй рамантаваць замацаваны за ім аўтобус. Начальства гэта разумее і гэта аблягчае ім працу.
Навапалачанін кажа, што дырэктар філіяла АТП 6 г. Наваполацка на сходзе неяк сказаў, што калі кіроўца жадае ехаць, то ён зробіць свой аўтобус і паедзе. Таксама ён сцвярджае, што начальнік калоны даваў навейшыя аўтобусы кіроўцам, якія давалі яму зэканомленае і злітае дызпаліва. Дарэчы, дырэктар філіяла "АТП № 6 г. Наваполацка" стаў уладальнікам звання "Лепшы кіраўнік года - 2023". Відаць, улады цэняць такіх працаўнікоў.
Як падсумаваў Андрэй П., атрымліваецца, што крадуць усе, але працоўныя пастаўленыя ў такія ўмовы самой сістэмай. Пачынаецца ўсё з таго, што калі новы кіроўца пачынае працаваць, у яго альбо пачынае назапашвацца эканомія ў баку, альбо перапал. Калі перапал, кіроўца пачынае вучыцца эканоміць, каб не вылічылі за перапал. Таксама калі ўзнікае эканомія, кіроўца імкнецца яе куды-небудзь падзець, бо ўсё разумеюць, што калі ўвесь час паказваць эканомію дызпаліва, то за гэта шмат не заплацяць, затое зрэжуць норму выдатку паліва. А калі зрэжуць норму, можа пайсці перапал, а за перапал вылічаць у поўным памеры з кіроўцы. Такім чынам норма выдатку дызпаліва змушае кіроўцаў займацца «рэгуляваннем».
Вось такую схему махінацый у філіяле АТП 6 г. Наваполацка Віцебскаблаўтатранса выкрыў звычайны кіроўца. Але ці адно толькі гэтае транспартнае прадпрыемства працуе па такой схеме ў Беларусі? Пытанне рытарычнае.
Людзміла Раманава