Віцебскае ААТ “КІМ” гіне
Пытаньні далейшага функцыянаваньня аднаго з прадпрыемстваў трыкатажнай галіны - ААТ “Клясыка індустрыі моды” (Віцебскае ААТ “КІМ”) былі разгледжаныя 5 чэрвеня на паседжаньні Савету міністраў Беларусі пад старшынствам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча. Як паведамляе прэс-служба ўраду, у цяперашні час ААТ “КІМ” знаходзіцца ў складаным фінансава-эканамічным становішчы. “Асноўнай прычынай стратнасьці прадпрыемства зьяўляюцца нізкія аб’ёмы вытворчасьці з-за наяўнасьці даўгавых забавязаньняў, што не дазваляе своечасова закупляць сыравіну, фарбавальнікі, хімікаты, разьлічыцца за паліўна-энэргетычныя рэсурсы”, - адзначаецца ў паведамленьні.
Віцебская пракуратура прапануе публікаваць у СМІ зьвесткі пра прыбыткі службоўцаў
Пракуратура Віцебскай вобласьці прапаноўвае афішаваць ў СМІ даходы прэтэндэнтаў на кіруючыя пасады. Гэтую прапанову ў ліку шэрагу іншых ведамства мае намер накіраваць у Генэральную пракуратуру Беларусі ў мэтах павышэньня эфэктыўнасьці барацьбы з карупцыяй, паведаміў першы намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Аляксандар Сідаровіч.
Школьнікаў Віцебшчыны рыхтуюць да вайны?
Трынаццатая абласная ваенна-спартовая гульня “Зарніца”, прысьвечаная 68-й гадавіне перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне, стартуе 16 траўня ў Віцебску, паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Удзельнікамі спаборніцтваў стануць каля 25 каманд па 7 чалавек кожная, якія прадстаўляюць установы адукацыі рэгіёнаў вобласьці. Дзеці паспаборнічаюць у марш-кідку зь перашкодамі (даўжыня дыстанцыі 1500-2000 м). Камандам неабходна прайсьці некалькі этапаў: транспартоўка пацярпелага, стральба з пнэўматычнай вінтоўкі, пераправа, паласа перашкод, кіданьне гранаты, фарсіраваньне броду, усталёўка намёту, разборка і зборка аўтамату.
Парлямэнтары падзякавалі віцебскаму праваабаронцу
Старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандар Зазуля ад імя дэпутатаў – сябраў камісіі падзякаваў Леаніду Сьвеціку за праяўленую ім ініцыятыву і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка законапраекту «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь», і праваабаронца накіроўваў у парлямэнт прапанову аб тым, якія зьмены, на яго думку, варта зрабіць.
Раённыя аддзелы Сьледчага камітэту ў Віцебску і Гомелі аб’ядноўваюцца ў гарадзкія
Раённыя аддзелы Сьледчага камітэту ў Віцебску і Гомелі аб’ядноўваюцца ў гарадзкія. Адпаведны ўказ № 217 “Аб удасканаленьні сыстэмы Сьледчага камітэту” кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падпісаў 8 траўня, паведамілі ў прэсавай службе беларускага лідэра. “Дакумэнтам прадугледжанае аб’яднаньне раённых аддзелаў Сьледчага камітэту ў Віцебску і Гомелі ў адпаведныя гарадзкія аддзелы Сьледчага камітэту”, - праінфармавалі ў прэс-службе. З прыняцьцем гэтага ўказу завяршаецца рэарганізацыя тэрытарыяльных падразьдзяленьняў Сьледчага камітэту ў абласных цэнтрах і гарадох абласнога падпарадкаваньня.