На Віцебшчыне квітнее карупцыя
За 9 месяцаў 2013 году на тэрыторыі Віцебскай вобласьці выяўлена 348 карупцыйных злачынстваў, што на 14,1% больш, чымся за аналягічны пэрыяд мінулага году. У структуры карупцыйнай злачыннасьці пераважаюць факты хабарніцтва (183 злачынствы, або 53%), крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі (97 злачынстваў, або 28%). Правёўшы каардынацыйную нараду па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй, пракуратура Віцебскай вобласьці агучыла колькасьць крымінальных спраў, узбуджаных паводле «карупцыйных» артыкулаў.
Віцебскіх настаўнікаў прымусілі ўдзельнічаць у парадзе Дзядоў Марозаў
У рэдакцыю Onliner.by прыйшоў ліст ад настаўніка віцебскай гімназіі. Выкладчык у зьдзіўленьні, чаму яго абавязваюць ўдзельнічаць у гарадзкім парадзе Дзядоў Марозаў, і пры гэтым трэба быць абавязкова ў касьцюме, а дзе яго ўзяць - незразумела. У лісьце напісана наступнае: «Парад - гэта крута, але да яго, як у нас заведзена, далучаюць кучу людзей, якія ня маюць і ня жадаюць мець да яго дачыненьня».
Даўгабуды на Віцебшчыне так і засталіся даўгабудамі
Будаўнікам Віцебскай вобласьці не ўдалося вытрымаць скарэктаваны графік уводу даўгабудаў ў эксплёатацыю. Як паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласьці, 34 жылыя дамы, будаўніцтва якіх моцна зацягнулася, павінны былі прыняць навасёлаў да канца году. Аднак упісацца ў гэты графік не ўдалося.
Прадпрымальнікі Воршы павінны «скінуцца» на Лядовую арэну
Лядовы палац у Воршы сёлета нарэшце дабудавалі — з парушэньнямі ўсіх абяцаных тэрмінаў, праз 5 гадоў пасьля пачатку. Але высьвятляецца, што цяпер няма грошай, каб давесьці да ладу інтэр’еры. Аршанскія прадпрымальнікі паведамілі, што іх запрашалі ў райвыканкам і прасілі матэрыяльнай дапамогі «на патрэбы гораду», а перадусім — на добраўпарадкаваньне «Лядовай арэны».
На Віцебшчыне зьявіцца новая чыноўніцкая структура
Пры Віцебскім аблвыканкаме будзе створаны Савет па вонкавай рэкляме. Такое рашэньне прыняў 28 лістапада на паседжаньні Віцебскага аблвыканкаму ягоны старшыня Аляксандар Косінец падчас разгляду пытаньня пра стан вонкавай рэклямы на тэрыторыі рэгіёну і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Цяперашні стан вонкавай рэклямы ў Віцебску і райцэнтрах вобласьці Аляксандар Косінец раскрытыкаваў.