Заканадаўства аб долевым будаўніцтве жытла ў Беларусі ўтрымлівае патрабаваньні, накіраваныя на даваньне грамадзянам поўнай і дакладнай інфармацыі ў сфэры долевага будаўніцтва, у тым ліку праз разьмяшчэньне адпаведных зьвестак у сродках масавай інфармацыі (друкаваныя выданьні, сетка Інтэрнэт), на інфармацыйных стэндах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (п.4 Палажэньня аб долевым будаўніцтве аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь, зацьверджанага Ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.06.2013 №263).
«На сёньняшні дзень будаўніцтва жылых дамоў з долевым прыцягненьнем сродкаў грамадзян ажыцьцяўляецца ў Віцебску, Наваполацку, Бешанковіцкім, Віцебскім, Докшыцкім, Аршанскім, Чашніцкім і іншых раёнах. Пракуроры гарадоў і раёнаў выбарачна праверылі выкананьне патрабаваньняў па даваньні грамадзянам поўных і дакладных зьвестак у названай сфэры і выявілі парушэньні з боку забудоўшчыкаў і гаррайвыканкамаў», – адзначыла Марына Рыжова.
У прыватнасьці, пракуроры Віцебску, Аршанскага і Чашніцкага раёнаў выявілі, што ў парушэньне п.4 вышэйзгаданага палажэньня ў дачыненьні да асобных аб’ектаў будаўніцтва праектныя дэклярацыі не разьмяшчаліся на сайтах мясцовых выканкамаў, альбо гэта рабілася несвоечасова. Не заўсёды патрэбныя дадзеныя зьяўляліся на стэндах гар- і райвыканкамаў.
У Наваполацку, Глыбоцкім і Аршанскім раёнах зьвесткі праектных дэклярацыяў зьмяшчалі няпоўную інфармацыю пра забудоўшчыкаў і аб’екты долевага будаўніцтва. Напрыклад, не пазначаліся зьвесткі пра жылыя дамы і іншыя аб’екты нерухомасьці (тэрміны іх здачы), у будаўніцтве якіх браў удзел забудоўшчык на працягу апошніх трох гадоў; дадзеныя аб правох забудоўшчыка на зямельны ўчастак і іншыя неабходныя зьвесткі.
Выяўленыя факты зьяўляюцца парушэньнем правоў грамадзян. Па выніках праверкі пракуроры Віцебску, Наваполацку, Глыбоцкага, Аршанскага і Чашніцкага раёнаў прынялі меры рэагаваньня, накіраваныя на ліквідацыю гэтых парушэньняў заканадаўства.
Крыніца: БелТА