Сумнавядомы Святаслаў Міхайлаў, былы галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, а цяпер загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела абласной газеты «Витебские вести» нават  тут знайшоў падставу абліць брудам  і палітыка, у якога за кратамі здарыўся інсульт, і прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

У Глыбоцкім дзяржаўным каледжы правялі «День выбора профессии». Хлопцаў, якія паступілі вучыцца на спецыяльнасці, запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы, запрашалі далей вучыцца ў  навучальных установах, дзе рыхтуюць кадры для міліцыі. І гэта тады, як у раёне востра бракуе і трактарыстаў, і спецыялістаў па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, і кіроўцаў, і нават кухараў.

Мілітарызацыя ў беларускіх дзіцячых установах набірае абароты: пасля стварэння вайскова-патрытычных клубаў для падлеткаў  дзяржаўная ідэалагічная ініцыятыва ўсё часцей накіравана на дзяцей малога ўзросту.  У дзіцячым садку аграгарадка Акцябрская арганізавалі “тэматычны квэст”, дзе выкаванцаў знаёмілі з відамі ўзбраенняў і родамі войск, вучалі аказанню першай медычнай дапамогі і тлумачылі, як працуе палявая кухня.

Сайт мёрскай раёнкі “Міёрскія навіны” паведаміў пра сустрэчу намесніка старшыні Мёрскага райвыканкама Андрэя Пуйшы з калектывам магазіна «Санта».  Сустрэча праводзілася 19 лютага падчас так званага Адзінага дня інфармавання. Тэма для размовы з калектывам крамы, у якой пераважаюць жанчыны, была абраная  наступная: “Абарончая моц беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах”.

На партале pravo.by выкладзена рашэнне Віцебскага аблвыканкама ад 9 лютага 2026г. №66 “О признании утратившими силу решений Витебского областного исполнительного комитета”. У ім гаворыцца пра адмену ранейшых рашэнняў віцебскіх абласных уладаў наконт заснавання прэмій імя Уладзіміра Караткевіча, імя Петуся Броўкі, а таксама прэміі за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Дакумент падпісаны новым старшынём Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Рагожнікам, які адпрацаваў на гэтай пасадзе менш за месяц.