Панядзелак, 13 Кастрычнік 2025

Людзям параілі “змірыцца” і перастаць скардзіцца ўладам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Такім пасылам скончылася сустрэча жыхароў прыватнага сектара вуліц Ляонава і Войкава, чые дамы вызначаны пад знос для перспектыўнага будаўніцтва шматпавярховак. Пратэсты грамадскасці пачаліся яшчэ ў лютым мінулага года, калі мясцовыя жыхары заўважылі ў сваім раёне геадэзістаў, што рабілі замеры. Пра знос іх загадзя ніхто не папярэджваў, і галоўная адгаворка ўладаў – што знесці прыватны сектар тут “планавалі яшчэ ў савецкія часы”.

Гаспадароў ніхто не папярэджваў пра магчымы знос, таму ва ўладкаванне свайго жытла людзі ўкладалі вялікія сродкі - праводзілі ваду, газ, належным чынам афармлялі прыбудовы. Для іх сапраўды не зразумела: чаму ў горадзе столькі пустога месца, дзе можна размясціць новабудоўлі, аднак месца абралі менавіта тут.

Улады патлумачылі, што насельнікі шматпавярховай забудовы дапамогуць запоўніць чатыры дзіцячыя дашкольныя ўстановы, дзе мала выхававанцаў. І тады , маўляў, яны стануць рэнтабельнымі.

Такое тлумачэнне мала каго задаволіла, людзі працягвалі скардзіцца ў розныя інстанцыі. Апошні раз яны даслалі калектыўны зварот з 47 подпісамі ў Палату прадстаўнікоў. “Разбірацца” даручылі былому віцебскаму ваенкому, а цяпер дэпутату Палаты прадстаўнікоў Руслану Шкодзіну.  Нічога новага на арганізаваным для мясцовых насельнікаў сходзе ім не змог сказаць ні ён, ні прадстаўнік розных гарадскіх службаў.

Людзям параілі перастаць пісаць скаргі, бо справа, моўляў, ужо ўсе адно вырашаная, а лепей заняцца прывядзеннем у парадак дакументаў на свае ўладанні. У 2026 годзе знос яшчэ не адбыдзецца, а надалей – трэба быць падрыхтаванымі.

Марыя Юхнавец