Лідзія Ярмошына праігнаравала прапанову віцебскага праваабаронцы
Праваабаронца Леанід Сьвецік зьвяртаўся ў Цэнтральную выбарчую камісію з прапановай аб унясеньні зьменаў у выбарчы кодэкс. У прыватнасьці, ён прасіў дадаць у артыкул 11 выбарчага кодэксу азначэньне дзяржаўна-прававога статусу выбарчых камісіяў – у дзеючай цяпер рэдакцыі кодэксу такога азначэньня няма. Надоечы быў атрыманы адказ на прапанову: Лідзія Ярмошына паведаміла праваабаронцу, што ягоны зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.
Жыхары Віцебшчыны працягваюць захоўваць зброю часоў вайны
За пяць дзён правядзеньня апэрацыі «Арсэнал» УУС Віцебскага аблвыканкаму канфіскавана больш за 130 адзінак зброі. Усяго ў жыхароў рэгіёну канфіскавана за розныя парушэньні 89 адзінак зарэгістраванай зброі, 43 - незарэгістраванай, больш за 1 тыс. боепрыпасаў, адна выбухная прылада (корпус ад гранаты часоў Другой сусьветнай вайны), 5,9 кг выбуховых рэчываў. Добраахвотна за гэты пэрыяд грамадзяне здалі ў міліцыю 79 адзінак зброі, якія стаяць на ўліку, 54 - незарэгістраванай, амаль 3,7 тыс. боепрыпасаў, 81 выбуховае прыстасаваньне (гранаты, карпусы ад іх).
БНФ Віцебскай вобласьці рыхтуецца да ўгодкаў Чарнобыля
Старшыня віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў накіраваў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне 26 красавіка мітынгу. Мітынг будзе прымеркаваны да 27-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой пацярпелі мільёны беларусаў. Меркаванае масавае мерапрыемства таксама мусіць стацца акцыяй пратэсту супраць будаўніцтва ядзерных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі.
Віцебскі абласны суд адхіліў скаргу мясцовага лідэра партыі БНФ
У Віцебскім абласным судзе 5 красавіка адбыўся разгляд скаргі актывіста партыі БНФ Леаніда Аўтухова на рашэньне судзьдзі Кастрычніцкага суду Віцебску Іны Грабоўскай аб пакараньні яго пяцьцю суткамі арышту. Як звычайна, разгляд скаргаў дэмакратычных актывістаў даручылі судзьдзю Віцебскага абласнога суду Ірыне Смаляковай. Гэтая служачая вядомая тым, што яшчэ ні разу ня вынесла рашэньня на карысьць актыўных грамадзян паводле іх шматлікіх скаргаў.
Каб купіць аўтамабіль для міліцыі, жыхароў Віцебскага раёну гоняць на суботнік
Па прадпрыемствах Віцебскага раёну рассылаецца распараджэньне старшыні Віцебскага райвыканкаму Руслана Фурашова аб правядзеньні 13 красавіка раённага суботніка. Копія дакумэнту зьявілася ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Згодна зь ім арганізацыі Віцебскага раёну павінны да 16 красавіка падаць у раённы выканаўчы камітэт інфармацыю аб праведзенай працы, а да 1 чэрвеня - пералічыць заробленыя на суботніку сродкі на разьліковы рахунак фінансавага аддзелу райвыканкаму.
Судзьдзя пастанавіў арыштаваць грошы нябожчыцы
Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску наклаў арышт на 1 400 000 рублёў, якія знаходзяцца на дэпазытным рахунку суду Кастрычніцкага раёну і належаць Тамары Кандаковай. Гэта стала вядома з пастановы судзьдзі Эдгара Марцірасяна ад 21 сакавіка 2013 году па прадстаўленьні судовага выканаўцы суду Кастрычніцкага раёну Віцебску.
Канстытуцыйны суд ухіліўся ад абароны правоў, гарантаваных Канстытуцыяй
Канстытуцыйны суд ня стаў разглядаць пытаньне, пастаўленае перад ім віцебскім сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Апошні прасіў суд разабрацца з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». На думку палітыка, згаданае рашэньне мясцовых уладаў супярэчыць нормам Канстытуцыі, бо, фактычна, пазбаўляе грамадзян права на мірныя сходы.
У Віцебску страйкавалі будаўнікі
Рабочыя Віцебскага домабудаўнічага камбінату адмовіліся распачынаць працу з-за затрымкі заробкаў. У сеціве зьявіўся зьняты на мабільны тэлефон відэаролік, які зафіксаваў спрэчку будаўнікоў з кіраўніцтвам. Высьветлілася, што прычынай незадаволенасьці працоўных, як і на заводзе буйнапанэльнага домабудаваньня ў чэрвені 2012 году, стала затрымка зарплаты.
Сьледчы камітэт ня стаў узбуджаць крымінальную справу па заяве былога марскога афіцэра
Заяву на імя старшыні сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Валянціна Шаева жыхар Віцебску Пётар Іваноў дасылаў наконт падзеяў, што адбыліся больш за год таму. Ён прасіў узбудзіць у дачыненьні да асоб у цывільным, якія зьдзяйсьнялі незаконны, на яго думку, агляд яго жытла, крымінальную справу паводле артыкулаў 202 («Парушэньне недатыкальнасьці жытла і іншых законных уладаньняў грамадзян») і 426 («Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў») крымінальнага кодэксу.
У Глыбоцкім раёне заробкі выдаюць кілбасой
“Хочам падзяліцца навіной пра абуральнае беззаконьне. Мы - тры зь лішнім сотні чалавек - працуем у ААТ “Глыбоцкі аграсэрвіс”, - зьвярнуліся па дапамогу ў рэдакцыю finance.tut.by чытачы. - Зарплаты ў нас і так невялікія, але з гэтых бедных сум мы абавязаныя купіць прадукцыю мясцовага мясакамбінату. У выпадку адмовы грошы не вяртаюцца! Нам патрэбныя тыя капейкі, якія мы зарабілі, а ня іх нясмачная кілбаса!”